Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛЯ КАЛОЖЫ ЎШАНАВАЛІ ПАМЯЦЬ КНЯЗЯ ДАВЫДА ГАРАДЗЕНСКАГА


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Помнік гэты – не скульптура, а вялізны валун з выявай крыжа Эўфрасіньні Полацкай і тэкстам—“Давыду Гарадзенскаму. Каля 1287 – 1326 гадоў. Славутаму абаронцу Горадні ад крыжацкай навалы ад удзячных нашчадкаў”. Выконвае работу вядомы скульптар Уладзімер Панцялееў. Ён адклаў убок электрашліфавальную пілу, гэтак званую “баўгарку” і сказаў:

(Скульптар: ) “Сапраўды, мы адкрываем яшчэ адну старонку нашай гісторыі, да якой можна дакрануцца рукамі. Ня кожны дзень такое бывае, каб працаваць на гэтым сьвятым месцы каля Каложы, і каб работа засталася потым назаўсёды тут”.

Валун вагою амаль 14 тонаў адкапалі непадалёк ад царквы. Скульптар перакананы, што ён прызначаўся менавіта для храму. Мэмарыяльны камень яшчэ вымагае шмат працы. Урачыстае адкрыцьцё адбудзецца пры канцы верасьня на сьвяткаваньні 875-х угодкаў гораду.

Сваім часам вядомы гісторык Міхась Ткачоў марыў паставіць скульптуру Давыда Гарадзенскага, нават адбыўся невялікі конкурс праектаў. Тады ўдалося толькі назваць княскім імем вуліцу ў Старым горадзе.

Каля самай Каложы на магіле князя днямі паставілі камень, было шмат паломнікаў. Гаворыць настаяцель царквы айцец Аляксандар:

(айцец Аляксандар: ) “6 жніўня каля Калоскай царквы быў пастаўлены камень, на якім высечаны крыж Сьвятой Эўфрасіньні Полацкай. Паводле паданьня, на гэтым месцы быў пахаваны князь Давыд Гарадзенскі. Каля Каложы існуе мноства пахаваньняў. Зараз, калі нават брацца садзіць кветкі, калі неглыбока капнуць, літаральна на 50 сантымэтраў, усюды натрапляеш на косьці”.

Таму, гаворыць айцец Аляксандар, камень з крыжам — гэта помнік і князю, і ўсім тым, хто быў пахаваны каля храму. Сёньня сьвятару выпалі адно прыемныя абавязкі. З раніцы да 6 вечара ён вянчаў маладых, і цэлы час пад’яжджалі новыя вясельныя картэжы. Скульптар Панцялееў стараўся не перашкаджаць вянчаньню і раз-пораз адключаў сваю электрапілу.
XS
SM
MD
LG