Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АД ПРАЛІЎНЫХ ДАДЖДОЎ НА БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНЕ БОЛЬШ ЗА ЎСЁ ПАЦЯРПЕЎ ГАНЦАВІЦКІ РАЁН


Алег Супрунюк, Берасьцейская вобласьць

У Ганцавіцкім раёне амаль 80% земляў пачалі выкарыстоўваць для вытворчасьці сельскагаспадарчай прадукцыі пасьля праведзенай яшчэ 30 гадоў таму мэліярацыі. З тае пары мэліярацыйныя сыстэмы не рамантаваліся і прыйшлі ў заняпад. Таму сёлета на Берасьцейшчыне ад праліўных дадждоў больш за іншыя пацярпеў менавіта Ганцавіцкі раён. Пад вадою апынулася пятая частка земляў, дзе было пасеяна жыта. Шмат хто зь мясцовых жыхароў застаўся без уласнага ўраджаю бульбы і гародніны, а вясковыя хаты патрабуюць неадкладнага рамонту. Паводле самых сьціплых падлікаў, нанесеныя страты складаюць больш за 4 з паловай мільярда рублёў.

Падобныя праблемы ўзьнікаюць на берасьцейскім Палесьсі амаль штогод. З кожным разам памеры кампэнсацыяў гэтых стратаў з боку дзяржавы зьмяншаюцца. Сёлета іх не дачакаліся ўвогуле, таму мясцовыя чыноўнікі ў роспачы кажуць, што ў такіх умовах няма сэнсу працаваць на зямлі. Гаворыць старшыня Ганцавіцкага райвыканкаму Ўладзімер Столяр:

(Столяр: ) ”Калі нам ня будзе падтрымкі ў гэтым накірунку, узьнікае пытаньне – займацца нам разьвіцьцём сельскай гаспадаркі ўвогуле? Рабіць калясальныя ўкладаньні, сродкі, шмат працаваць і не атрымоўваць аддачы”.

Пытаньне пра мэтазгоднасьць выкарыстаньня земляў для вытворчасьці сельгаспрадукцыі паўстае і ў іншых раёнах Берасьцейшчыны. Але абласныя ўлады не прыслухоўваюцца да парадаў адмыслоўцаў і штогод плянуюць сабраць ня менш за 1 мільён тон збожжа. Сёлета, як і ў мінулыя гады, гэтыя спадзяваньні застаюцца марнымі.
XS
SM
MD
LG