Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЖЫХАРЫ ЛОЕВА ПАЎСТАЛІ НА АБАРОНУ СВАЁЙ ГІСТОРЫІ


Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць

Яшчэ на пачатку ліпеня кіраўнік Лоеўскага гістарычна-культурнага аб’яднаньня “Карані” Мікалай Анісавец даслаў адмысловы ліст старшыні райвыканкаму Сяргею Мятліцкаму з прапановай не разбураць цагляны будынак на беразе Дняпра. Пабудаваны ён быў амаль два стагодзьдзі таму як кантора прадпрымальнікаў лесасплаву. Пазьней тут разьмяшчаўся тэлеграф, рачны вакзал.

Распавядае Мікалай Анісавец:

(Анісавец: ) “З гэтага будынку пачалася гісторыя цаглянага Лоева. Пабудова вельмі моцная, як крэпасьць. У яе падмурку, як сьцьвярджаюць старажылы, закладзеная нулявая рэпэрная кропка. Гэты першы цагляны будынак быў пабудаваны ў 1818 годзе. Лоеў згубіць вельмі важную старонку сваёй гісторыі. Што набудзе, ня ведаю. Магчыма, тут будуць фантан узводзіць. Але гэта ўжо будзе іншая гісторыя”.

Два дні таму спадар Анісавец асабіста прыходзіў на прыём да старшыні райвыканкаму Мятліцкага і чарговы раз пераконваў, чаму нельга нішчыць гістарычную пабудову, нават калі яна і не патрапіла зь нейкай прычыны ў сьпіс гістарычна-культурных помнікаў. Аднак у гэты ж дзень на загад выканкаму з будынку садралі дах, а цяпер выцягваюць і сталярку.

Сяргей Мятліцкі распавёў нашаму радыё, што пабудова нібыта перашкаджае рэканструкцыі плошчы. У 2005 годзе Лоеў адзначае сваё 500-годзьдзе з часу летапіснай згадкі ў “Кроніцы Быхаўца” — таму і распачынаецца рэканструкцыя. Улады аднак, рыхтуючыся да гістарычнай даты, ня ўбачылі месца самай гістарычнай пабудове, якая ацалела па шматлікіх войнах.

Не адрэагаваў на зварот і Дэпартамэнт аховы культурна-гістарычнай спадчыны Міністэрства культуры.

Жыхары Лоева распачалі збор подпісаў за абарону сваёй гісторыі. Яны перакананы, што ў будынку можна разгарнуць экспазыцыю краязнаўчага музэю, зрабіць залю выставаў альбо нават арганізаваць дзіцячую кавярню з кампутарамі.
XS
SM
MD
LG