Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З 1 ЖНІЎНЯ КАЛГАСЫ, ШТО НЕ ПЕРАРЭГІСТРАВАЛІСЯ, ПРАЦУЮЦЬ НЕЗАКОННА


Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць

Паводле зьвестак аддзелу рэфармаваньня аблсельгасхарчу, у адным толькі Калінкавіцкім раёне пяць гаспадарак пакуль не прайшлі перарэгістрацыю — сярод іх “Зара”, “Сейбіт”, “Чырвоная Дуброва”. Ёсьць такія гаспадаркі ў Брагінскім, Рэчыцкім, Сьветлагорскім раёнах.

Дзяржаўныя чыноўнікі ў зьмене назову калгасаў і саўгасаў бачаць нейкае адно ім вядомае рэфармаваньне сельскай гаспадаркі. А як ставяцца да такіх рэформаў тыя кіраўнікі, што яшчэ не зьмянілі найменьняў сваіх гаспадарак? Распавядае старшыня калгасу “Прагрэс” Сбветлагорскага раёну Любоў Лахардава:

(Лахардава: ) “Якая розьніца, ці гэта слова “калгас” ці “СВК” — сельскагаспадарчы вытворчы каапэратыў! Адрозьненьняў я ня бачу. Ці ад гэтага слова зьменяцца нашы прыбыткі, нашы фінансы? Ці зьменяцца кошты на малако, збожжа, мяса? Усё роўна ніякіх зрухаў! Ад слова на паперы нічога ня зьменіцца. Патрэбныя заканадаўчыя акты, каб мы імі маглі рэальна карыстацца. Мы ўсё лічым, а чалавеку індывідуальна нічога не даем”.

Да апошняга часу прынцыпова адмаўляўся ад перарэгістрацыі і найстарэйшы ў рэгіёне старшыня калгасу імя ХХI зьезду КПСС Рэчыцкага раёну Мікалай Коваль. На тое ёсьць прынамсі дзьве важкія прычыны. На сходзе на пачатку гэтага году калгасьнікі прынялі новы статут і захавалі назву “калгас”, які, дзякуючы высілкам старшыні і раней назапашанаму патэнцыялу, трымаецца на паверхні.

Пра іншы бок марнасці знешняй перамены назоваў згадвае сам спадар Коваль:

(Коваль: ) “Трэба, каб грамадзтва зьмяніла стаўленьне да сялянскай працы. Цяпер сялянская праца не паважаецца. Ад гэтага ўсе праблемы. Мяняй назовы, не мяняй — ад гэтага мала што зьменіцца”.
XS
SM
MD
LG