З прычыны адсутнасьці паліва спынялі жніво сельгаспрадпрыемствы “Краснае”, “Камарынскі”, “Чырвоная ніва” Брагінскага раёну, шэраг гаспадарак Веткаўскага, Буда-Кашалёўскага ды іншых раёнаў.
Намесьнік старшыні аблаграпраму ў пытаньнях мэханізацыі Анатоль Паўлюкоў паведаміў, што сёлета для вёскі таварны крэдыт на паліва дзяржава не выдавала. Салярку для камбайнаў набывае аблвыканкам за кошт бюджэтных грошай. Хаця і з калёс, але камбайны сяк-так удаецца забясьпечваць палівам. Горш з бэнзінам для аўтамашын, занятых на транспартыроўцы збожжа ад камбайнаў.
(Паўлюкоў: ) “З бэнзінам ёсць пытаньні. Я бачу, што гэта стрымлівае ўборку”.
Як высьветлілася, бэнзін гаспадаркі павінны купляць за асабістыя сродкі. Але паколькі 80% калгасаў і саўгасаў рэгіёну збанкрутавалі, то мала хто здольны набыць яго без праблемаў. Гаспадарнікі вымушаныя выкручвацца: займацца бартэрам, прасіць бэнзін альбо грошы у так званых шэфаў, у перапрацоўчых прадпрыемстваў.
Сытуацыя яшчэ больш ускладняцца тым, што дзяржава пакуль не разьлічваецца за пастаўленае збожжа новага ўраджаю.
Распавядае начальнік Буда-Кашалёўскага райсельгасхарчу Анатоль Шруб:
(Шруб: ) “Бэнзін жа не выдавалі, таму яго і не хапае. А салярку, што ўзялі з калёс, тое і спалілі. Учора з прычыны дажджу не працавалі, таму зараз запас ёсьць на сёньня і на заўтра. Збожжа 1 тысячу тонаў паклалі ўжо на дзяржзаказ, але грошы ні ад каго не паступілі”.
Амаль за два тыдні жніва гаспадаркі рэгіёну здолелі ўбраць толькі 45% збожжавых культураў. Гэта з улікам таго, што траціна пасеваў – каля 100 тысячаў гектараў – загінулі ад замаразкаў і засухі.