Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВІЦЕБСКІ ЦЭНТАР МОЛАДЗЕВЫХ ІНІЦЫЯТЫВАЎ “КОНТУР” ЛІКВІДУЕЦЦА ПАВОДЛЕ СУДОВАГА ВЫРАКУ

Браніслава Станкевіч, Віцебск

Судовы вырак пра ліквідацыю цэнтру моладзевых ініцыятываў “Контур”, вынесены судзьдзёй спадарыняй Матушайкес, ня быў нечаканым для ягоных сябраў, што сабраліся сёньня ў залі Віцебскага абласнога суду. На думку адказнага сакратара цэнтру “Контур” Сержука Серабра, гэтая судовая справа знарок ініцыявалася абласной управай юстыцыі, каб, абвінаваціўшы цэнтар у нявыплаце падаткаў ды неадпаведнасьці юрыдычнага адрасу фактычнаму месцу сустрэчаў “контураўцаў”, пазбавіцца ад актыўнай грамадзкай моладзевай суполкі.

(Серабро: ) “Мы, у прынцыпе, і не чакалі іншага выраку!.. Ну, што застаецца сказаць… Толькі тое, што пасьля зьнікненьня нашага ранейшага кіраўніка, Юрася Корбана, “Контурам” асабліва ніхто не цікавіўся, і актыўную дзейнасьць управа юстыцыі разьвіла толькі тады, калі ў Воршы пачала выходзіць наша газэта “Віцебская трыбуна”. І, паколькі “Контур” ёсьць заснавальнікам “Віцебскай трыбуны”, ягонае скасаваньне аўтаматычна ставіць пад пагрозу выхад гэтай газэты, і гэтае пытаньне мы будзем зараз вымушаныя апэратыўна вырашаць”.

Аршанскія выпускі “Віцебскай трыбуны”, паводле ініцыятывы “Контуру”, былі пачаткам праекту пашырэньня недзяржаўнага друку ў розных рэгіёнах Віцебшчыны. Аднак па выхадзе ўжо чацьвертага нумару газэты абласная ўправа юстыцыі пільна зацікавілася дзейнасьцю арганізацыі, а па выхадзе восьмага гэтай структурай ужо быў пададзены судовы пазоў.

Цяпер, каб захаваць права на выданьне газэты, а таксама правы на ўласнае існаваньне, рада “Контуру” мяркуе абскардзіць вырак пра ліквідацыю аб’яднаньня ў Вярхоўным судзе.
XS
SM
MD
LG