Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАДЫЯЦЫЙНЫЯ “ЗОНЫ” НА ГОМЕЛЬШЧЫНЕ ВЫКАРЫСТОЎВАЮЦЬ ДЗЕЛЯ ПАВЕЛІЧЭНЬНЯ ВЫПУСКУ СЕЛЬГАСПРАДУКЦЫІ


Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць

Сёлета забруджаную радыяцыяй “зону адчужэньня” выкарыстоўвалі для нарыхтоўкі кармоў і выпасу жывёлы ледзь ня ўсе раёны, што зь ёю мяжуюць.

Старшыня калгасу “Рассвет” Брагінскага раёну Васіль Маслак загадаў скасіць на сена 40 гектараў травы блізу выселенай вёскі Чырвоная Гара. Нарыхтоўку кармоў у “зоне” на вялікай плошчы вёў саўгас “Камінтэрн” Буда-Кашалёўскага раёну. “Зону адчужэньня” для выпасу жывёлы скарыстоўвалі гэтым летам сельгаспрадпрыемствы “Судкова”, імя Мележа Хойніцкага раёну, шэраг іншых гаспадарак рэгіёну.

Аднак найбольш вызначыўся ў парушэньні рэжыму “зоны” дырэктар сельгаспрадпрыемства “Дубовы Лог” Добрускага раёну Ўладзімер Жытнікаў. Сёлета ён двойчы быў аштрафаваны адміністрацыяй зонаў адчужэньня і адсяленьня за выпас жывёлы на забруджаных землях, нарыхтоўку кармоў і сяўбу аўсу на 28 гектарах. Да праверкі спрычынялася і абласная пракуратура. Справа ў тым, што Ўладзімер Жытнікаў і летась быў двойчы аштрафаваны за падобныя парушэньні.

Сам спадар Жытнікаў тлумачыць: калі пасьля радыеактыўнага фуражу трымаць месяц жывёлу на чыстых кармах, то прадукцыя не перавышае беларускія дапушчальныя ўзроўні забруджанасьці радыенуклідамі. Ва ўсякім разе, толькі ў асобных выпадках Добрускі малаказавод і Гомельскі мясакамбінат вярталі гаспадарцы малако і жывёлу. Збожжа на харчовыя мэты гаспадарка наогул не вырошчвае.

Дырэктар наважаны павялічваць пагалоўе буйной рагатай жывёлы і, у прыватнасьці, дойны статак. Людзям трэба даваць працу і плаціць заробак. Усё ж кантралёры, на думку Ўладзімера Жытнікава, дбаюць толькі пра сваё існаваньне.

(Жытнікаў: ) “Справа ў тым, што ўсе гэтыя людзі мкнуцца даказаць уласную патрэбнасьць дзяржаве. Пайшлі чуткі, што спыніцца бюджэтнае фінансаваньне ўсіх гэтых кантралёраў. Пры дапамозе мас-мэдыяў, пракуратуры яны і хочуць даказаць, што патрэбныя дзяржаве. За імі, канечне, праўда на сто адсоткаў. Але дзе яны былі і 10, і 15 гадоў таму? Дадзеная каманда “фас”, паболей такіх жытнікавых знайсьці. Я разумею так: калі працаваць тут шкодна, то навошта людзям тут жыць? Норма ўнутранага апраменьваньня 1 мілізівэрт на год, а людзі, чым яны б ні займаліся, набіраюць паўтара, 1,6 мілізівэрта. Дык навошта падманваць людзей? Трэба іх адсяляць — і ўсё пытанні вырашацца. Калі ж людзі застаюцца, дайце ім працу”.
XS
SM
MD
LG