Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАГІЛЁЎСКІЯ ЎЛАДЫ АДМОВІЛІСЯ ДАЦЬ АБЛАСНОЙ АРГАНІЗАЦЫІ БНФ ПАМЯШКАНЬНЕ ПАД ОФІС

Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў

Магілёўская філія Беларускага Народнага Фронту апынулася літаральна на вуліцы. Чыноўнікі патлумачылі, што дом, у адной з кватэраў якога дзесяць гадоў працавалі фронтаўцы, мусіць быць пастаўлены на капітальны рамонт. Магілёўскім фронтаўцам у чэрвені прапанавалі знайсьці новае месца пад офіс.

Яны выбралі былы гатэль “Днепр”, бо той месьціцца ў цэнтры Магілёва і яго можа знайсьці кожны жыхар гораду. Першапачаткова чынавенства паабяцала задаволіць іхную заяву. Сёньня ж выканкамаўская камісія, якая разглядае заявы на арэнду памяшканьняў, даслала кіраўнікам філіі Беларускага Народнага Фронту ліст, паводле якога ім адмаўляюць у іхнай просьбе . Прычыны адмовы не назвалі. Вось як пракамэнтаваў такое рашэньне старшыня магілёўскай гарадзкой філіі БНФ Мікалай Фясько:

(Фясько: ) “З надуманых прычынаў яны адкладаюць разгляд нашай справы. Пакуль што мы знаходзімся без памяшканьня. А гэтая акалічнасьць паралізуе нашую актыўную працу”.

Адначасова праверку дзейнасьці філіі распачала абласная ўправа юстыцыі. Чыноўнікі патрабуюць сьпісы сяброў філіі і прозьвішчы яе актывістаў, даведку пра колькасьць сяброў ды іншыя дакумэнты.
XS
SM
MD
LG