Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЧЭРЫКАВЕ ЗЬБІРАЮЦЬ ГРОШЫ НА РЭСТАЎРАЦЫЮ ПОМНІКА ЛЕНІНУ


Марыя Ўсьціновіч, Чэрыкаўскі раён

Помнік Леніну на цэнтральнай плошчы перад будынкам райвыканкаму — адзіны ў Чэрыкаўскім раёне. Ён быў усталяваны ў 1980 годзе. Фігура Леніна ў добрым стане, а найбольш пацярпеў пастамэнт помніку, на якім крышыцца плітка.

Чэрыкаўскія прафсаюзныя лідэры тлумачаць свае клопаты аб помніку кампаніяй добраўпарадкаваньня тэрыторыі і падрыхтоўкай да 400-годзьдзя раённага цэнтру, якое будзе адзначацца ў наступным годзе.

Чэрыкаўскі раён пацярпеў ад Чарнобыльскай аварыі і датуецца з абласнога бюджэту, там няшмат прадпрыемстваў, а таму прафсаюзы ня бачаць іншага спосабу адрэстаўраваць помнік Леніну, акрамя як зьбіраць грошы з жыхароў і ўстановаў Чэрыкава.

Кіраўнічка каардынацыйнага савету старшынь прафсаюзных камітэтаў раёну Марыя Швінгельская лічыць ленінізм часткай айчыннай гісторыі. Яна мяркуе, што памылкі мінулага можна пераасэнсаваць, але ня трэба зьнішчаць савецкія помнікі. Асабіста спадарыня Швінгельская ўважае помнік за архітэктурную каштоўнасьць Чэрыкава.

Раённая газэта “Заклік Ільіча” ў кожным нумары друкуе матэрыялы ў падтрымку народнай рэстаўрацыі помніка Леніну. Марыя Швінгельская прызнае, што ня ўсе жыхары райцэнтру адназначна ставяцца да ініцыятывы прафсаюзаў і самой асобы Леніна, што зь людзьмі даводзіцца весьці калясальную працу, але большасьць зь іх, паводле Швінгельскай, ахвотна здае грошы: звычайна ад 1 да 10 тысяч рублёў. Аднак на гэты момант сабрана толькі 200 тысяч зь неабходных 10 мільёнаў.

Жыхар Чэрыкаўшчыны Яўген Шарабурка, які не ўхваляе ідэю рэстаўрацыі помніка Леніну, лічыць, што людзям проста не пакідаюць выбару: здаваць грошы на помнік альбо не. Маўляў, калі начальства запрапануе зрабіць унёсак, то чалавек, каб ня мець праблемаў на працы, аддасьць рублі. У працаўнікоў папросту няма грошай, каб яшчэ і ахвотна зь імі разьвітвацца.

Мясцовы гісторык Уладзімер Лукашэнка ў гэтай сувязі нагадаў, што ў Чэрыкаўскім раёне разбураюцца помнікі ахвярам другой усясьветнай вайны, і перадусім трэба было б паклапаціцца пра рэстаўрацыю мэмарыялаў і брацкіх магілаў. А жыхар Чэрыкава Алег Сорын прапанаваў уладам на месцы помніка зрабіць фантан і ўпрыгожыць цэнтральную плошчу, аднак чыноўнікі спаслаліся на малое фінансаваньне патрэбаў раёну і працягваюць зьбіраць грошы на рэстаўрацыю помніка Леніну.
XS
SM
MD
LG