Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА РЫНКАХ ГОМЕЛЮ ПРАДАЮЦЬ ЗАБРУДЖАНЫЯ ГРЫБЫ І ЯГАДЫ

Казімер Яноўскі, Гомель

Я наведаў тры гарадзкія рынкі, і ўсюды прадавалі чарніцы і грыбы. Штопраўда, на Прывакзальным рынку гандаль ішоў не на тэрыторыі, а каля агароджы, побач з аўтобусным прыпынкам. Адна жанчына, што назвалася Надзеяй, прадала ўжо з паўвядра чарніц. Паміж ёю і пакупнікамі вялася такая гаворка:

(Пакупніца: ) “Ці ёсьць у чарніцах радыяцыя?”

(Надзея: ) “А бог яе ведае”.

Пацікавіўся ў жанчыны: дзе зьбіраліся чарніцы?

(Надзея: ) “Буда-Кашалёўскі раён, Чарнянскае лясьніцтва. Правяралі ў тым годзе, а ў гэтым — не. З гораду прыяжджаюць на машынах зьбіраць чарніцы”.

На Цэнтральным рынку, за рыбным павільёнам, з паўдзясятка чалавек прадавалі чарніцы і грыбы. Адна жанчына запэўнівала, што прывезла вядро грыбоў з Украіны. Маўляў, на мяжы мытнікі іх правяраюць на радыяцыю, але квіткоў не даюць.

Гамяльчук Уладзімер, які прадаваў падбярозавікі ды абабкі (3 тысячы за кіляграм) пераконваў, што ведае прыгарадныя лясы: дзе ёсьць радыяцыя, а дзе не.

(Уладзімер: ) “Прыбар, Шчэрбаўка — чыстыя. Чыжаўка — там брудныя. З Чыжаўкі далей на Палесьсе ідзе радыяцыя. Там і грыбы, і ягады брудныя”.

Аднак радыёлягі рынку сьцьвярджаюць іншае. Распавядае Валянціна Каржова:

(Каржова: ) “Найбліжэйшыя лясы — Цыкуны, Прыбар. Тут дзесьці палова ягадаў перавышае дапушчальныя ўзроўні забруджанасьці”.

Паводле Каржовай, забруджанасьць ягадаў складае ад 80 да 260 бэкерэляў пры дапушчальнай норме 185 бэкерэляў.

Амаль такая ж сытуацыя і з грыбамі. Чаму гэтым летам грыбы і ягады так набіраюць радыяцыю, адмыслоўцы патлумачыць ня могуць.

Дзяжурны доктар Віктар Ваўчанкоў вельмі зьдзівіўся, што на тэрыторыі рынку прадаюць грыбы і ягады. Абяцаў пакараць кантралёраў, якія пусьцілі грыбнікоў.

(Ваўчанкоў: ) “Зараз пойдзем кантралёраў пакараем. У Гомельскай вобласьці на ўсіх рынках забаронены продаж грыбоў і ягад”.
XS
SM
MD
LG