Натальля Акаронка выкладае расейскую мову і літаратуру восем гадоў. За гэты час сур’ёзных заўвагаў да яе з боку адміністрацыі навучальнай установы не было. Праблемы пачаліся пасьля сходу працоўнага калектыву школы, на якім плянавалася вылучыць кандыдатам у дэпутаты гарсавету дырэктара Анатоля Бялецкага. Аднак спадарыня Акаронка вылучыла сваю кандыдатуру і была падтрыманая калегамі. Неўзабаве яе абралі ў гарадзкі савет, дзе яна ўвайшла ў створаную апазыцыйнымі ды незалежнымі дэпутатамі дэмакратычную кааліцыю.
Пасьля выбараў прафэсійную дзейнасьць белаазёрскай настаўніцы правяралі камісіі з раёну ды вобласьці. Кантралёраў у першую чаргу цікавіла, ці не вядзе Натальля Акаронка палітычную агітацыю сярод вучняў.
(Акаронка: ) “Я адчула такі ціск, што мне нават страшна стала, калі казаць шчыра. Тады я ўпершыню пачула пагрозу ад дырэктара, які казаў, што звольніць мяне. А пасьля пайшлі нейкія ананімкі, дзе распавядаецца пра ўсё, што зьвязана з маёй дзейнасьцю ў школе, каб мяне насамрэч звольніць”.
Спадарыня Акаронка кажа, што вызначальным для яе можа стаць настаўніцкі сход напярэдадні новага навучальнага году, да якога ўжо рыхтуюцца адміністрацыя школы і чыноўнікі Бярозаўскага райвыканкаму.
Намесьнік старшыні Белаазёрскага гарсавету Юрась Губарэвіч пацьвердзіў, што ён ды іншыя дэпутаты, якія не хаваюць сваіх дэмакратычных поглядаў, адчуваюць ціск з боку мясцовай вэртыкалі. Але спадар Губарэвіч мяркуе, што да звальненьня Натальлі Акаронкі з працы справа ня дойдзе.
(Губарэвiч: ) “Мы гэтае пытаньне трымаем пад кантролем, і калі будзе спроба звольніць кагосьці з дэпутатаў, мы ўсяляк будзем выступаць у абарону”.
Варта нагадаць, што з трынаццаці абраных дэпутатаў гарсавету ў Белаазёрску, сямёра належаць да дэмакратычнай кааліцыі.