Дзесяць хвілінаў спатрэбілася дэпутатам Магілёўскага абласнога савету, каб вырашыць пытаньне герба і сьцяга вобласьці, над якім год востра спрачаліся сябры адмысловай геральдычнай камісіі. У склад камісіі ўваходзілі магілёўскія геральдысты, гісторыкі і краязнаўцы, і далёка ня ўсе яны ўхвалілі той варыянт герба і сьцяга, за які сёньня прагаласавалі дэпутаты.
У конкурсе сямі праектаў перамог варыянт, які падаў магілёўскі мастак Павал Дзьмітрыядзі. Ён, дарэчы, распрацаваў і новы герб Магілёва без Пагоні, які нядаўна адхіліў гарадзкі савет.
Аснова цяперашняга сымбалю Магілёўшчыны — герб 1878 году, які атрымала губэрня ад расейскага імпэратара Аляксандра ІІ. Залаты фон, тры зялёныя пагоркі ці магілы, тры каласы. Са старога герба зьніклі карона Расейскай імпэрыі і андрэеўская стужка, затое дадаліся стужка ордэну Леніна, які Магілёўская вобласьць атрымала ў 1967 годзе за гераізм партызанаў, і абраз Бялыніцкай Божай маці.
Гэты абраз — адзін з самых старажытных на Магілёўшчыне, вернікі лічылі яго цудатворным. Яго шануюць і католікі, і праваслаўныя хрысьціяне. Аднак менавіта супраць гэтага элемэнту новага герба вобласьці выступілі аўтарытэтныя геральдысты і гісторыкі. Па-першае, сам абраз страчаны, а, па-другое, гэта пярэчыць правілам геральдыкі, бо зь сярэднявечча ў сымбалях выкарыстоўваюцца не абразы, а самі сьвятыя, якія апекуюцца жыхарамі мястэчка.
Геральдыст Васіль Набелахаў прапаноўваў камісіі альбо пакінуць старажытны герб бязь зьменаў, альбо стварыць прынцыпова новы, аднак да такога меркаваньня ідэолягі не прыслухаліся. Як вынік, паводле меркаваньня геральдыста, атрымаўся вельмі нецікавы герб — з гістарычнага і сэнсавага гледзішча.
Тое ж датычыцца і сьцяга, дзе на залатым фоне зьявілася чырвона-зялёная палоска, якую ўлады і аўтар растлумачылі як сымбаль прыналежнасьці да беларускай дзяржавы.
Новыя герб і сьцяг Магілёўскай вобласьці не былі загадзя абнародаваныя празь мясцовыя сродкі масавай інфармацыі. Іх ніхто і ня бачыў, акрамя вузкага колу асобаў, якія мелі дачыненьне да распрацоўкі і зацьверджаньня новых сымбаляў. Чыноўнікі казалі, што няма сэнсу абмяркоўваюць гэта з грамадзкасьцю, бо ад імя народу выступяць дэпутаты аблсавету. Яны сёньня і зацьвердзілі новыя герб і сьцяг Магілёўскай вобласьці без абмеркаваньня і пярэчаньняў.