Паводле заявы спадара Паўлоўскага, калі ён патрабаваў выкананьня папярэдняга судовага рашэньня, адміністрацыя трэсту ў пісьмовых адказах абразіла ягоныя гонар і годнасьць.
Як ужо паведамляла Свабода, прафсаюзнага лідэра абвінавацілі ў невыкананьні сваіх працоўных абавязкаў, за што і звольнілі з працы. Абвінавачаньне ён не прызнаў і зьвярнуўся ў суд, дзе сьцьвярджаў, што яго звольнілі за крытыку кіраўнікоў трэсту. 11 красавіка на судзе ў адпаведнасьці з пагадненьнем паміж пазоўнікам і адказчыкам будаўнік Паўлоўскі адмаўляўся ад патрабаваньня аднавіцца на працы. А адміністрацыя трэсту мусіла занесьці ў працоўную кніжку запіс “звольнены на ўласнае жаданьне”.
Прайшло тры месяцы з часу судовага паседжаньня, аднак патрэбны запіс яму так і не паставілі. У пісьмовых адказах на ягонае імя генэральны дырэктар трэсту спадар Якушаў ужываў выразы кшталту “жаданьне вырваць грошы ў вас у крыві”, “вашай нахабнасьці няма межаў”, “выдаць працоўную кніжку, каб вы былі чысьценькім, няма законных падставаў”.
Бацька пяцёх непаўнагадовых дзяцей тры месяцы ня мог знайсьці працу. Каму патрэбны рабочы, якога звольнілі нібыта за парушэньне працоўнай дысцыпліны? І толькі суд паставіў кропкі над “і”. Суд абавязаў адміністрацыю выдаць пазоўніку дублікат працоўнай кніжкі з адпаведным запісам, прынесьці яму пісьмовыя прабачэньні за абразы ды выплаціць 70 тысяч рублёў за маральныя страты. Аднак гэткае рашэньне задаволіла спадара Паўлоўскага толькі часткова:
(Паўлоўскі: ) “Калі б адпаведны пазоў аб абароне гонару і годнасьці падаў кіраўнік альбо сам прэзыдэнт, то пастанова суду, зразумела, была бы больш жорсткая. А так для простага працоўнага і такі вынік штосьці значыць. Я бы раіў слухачам не пакідаць хамства і свавольства кіраўнікоў без наступстваў. Глядзіш, жылі бы годна і заможна і захаваліся бы нашы правы”.
Юрыконсульт будаўнічага трэсту №12 камэнтаваць вынікі суду адмовілася.