Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДА ЎГОДКАЎ ЗЬНІКНЕНЬНЯ ЗЬМІТРА ЗАВАДЗКАГА ВІЦЕБСКІЯ СЯБРЫ АГП ПРАВЯЛІ РУХОМЫ ПІКЕТ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Невялічкая калёна тутэйшых сяброў АГП рушыла а 5-й вечара ад кнігарні “Крыніца” ў накірунку да плошчы Леніна. Удзельнікі акцыі раздавалі мінакам улёткі з партрэтам Зьмітра Завадзкага ды час ад часу спыняліся, утвараючы жывы ланцуг уздоўж вуліцы Леніна. Гэтым часам удзельнікі акцыі адказвалі на пытаньні землякоў, неабыякавых да сучасных палітычных падзеяў ды лёсаў зьніклых беларусаў.

Аднак нехта з асабліва пільных грамадзянаў зьвярнуўся да міліцэйскага патруля ды паведаміў пра апазыцыйную акцыю – прынамсі, такім чынам двое міліцыянтаў патлумачылі сваё патрабаваньне паказаць дазвол на правядзеньне шэсьця ды прапанову зайсьці ў пастарунак дзеля высьвятленьня іншых акалічнасьцяў. Партыйцы ісьці ў пастарунак адмовіліся, і тады патрульныя выклікалі падмацаваньне: яшчэ чатырох міліцыянтаў ды двух амонаўцаў. Атрымалася па адным ахоўніку на кожнага пікетоўца, і ланцуг неабыякавых людзей ператварыўся ў мітынг з удзелам яшчэ каля дзясятка цікаўных мінакоў, якія дружна сарамацілі міліцыянтаў.

Нарэшце пад’ехала машына зь цёмнымі вокнамі, і невядомы чалавек у цывільным спыніў імпэтнага міліцэйскага капітана, які якраз разважаў пра тое, што ведае, колькі плацяць апазыцыянэрам за падобныя акцыі. Абарваўшы прамову на паўслове, ён мусіў папрасіць прабачэньня ды сесьці ў машыну. Машына ад’ехала, а пікетоўцы рушылі далей і астатні шлях прайшлі ўжо без аніякіх перашкодаў. Колькі мінакоў далучыліся да калёны, а хто-ніхто выказаў жаданьне ўзяць удзел і ў наступных падобных акцыях.
XS
SM
MD
LG