Учора нямецкі амбасадар Хэльмут Фрык сказаў, што ягоны брытанскі калега Браян Кэнэт будзе гаварыць пра гэта старшыні аблвыканкаму Уладзіміру Саўчанку. Пра тое, што будаўнікі вывозілі з стадыёну зямлю з косткамі і чарапамі і выкідалі яе, паведаміла ВВС. І да брытанскага ўраду зьвярталіся прадстаўнікі габрэйскіх арганізацыяў.
Стадыён існуе 40 гадоў, могілкі папросту зьнішчылі. Але сёлета выявілася, што частка пахаваньняў засталася. І каб ня ўсчаўся скандал, улады не заўважылі б праблемы. А так давялося вакол раскопу зрабіць сетчатую агароджу. Давялося зьбіраць косткі, нават замаўляць мэмарыяльную шыльду, прысьвечаную зьнішчаным могілкам. Праўда, улады імкнуцца, каб шыльда была менш заўважнай. Як сказаў адзін з праектоўшчыкаў, яна будзе збоку стадыёну, каб ня кідалася ў вочы.
Я ўчора там быў. Дзе былі знойдзеныя косткі, – малая пляцоўка. Там хлопцы гулялі у футбол. Ад вялікага стадыёну месца гэтае адгарадзілі плотам. Увечары будзе шмат людзей. Гарадзенскі “Нёман” прымае каманду “Гомель”. Будаўнікі па-ранейшаму працуюць, ім дапамагаюць салдаты.
Гараджане негатыўна рэагуюць на гэты скандал, калі з людзкімі парэшткамі абышліся гэтак не па-людзку.
Таму ўлады і мусілі зьбіраць косткі ў скрыні, захоўваць, каб потым у рэшце рэшт перазахаваць. Хаця месца пакуль ня вызначана. Мала таго, людзкая пагалоска зьвязала травеньскую эпідэмію мэнінгіту менавіта з раскопваньнем рэштак могілак. Раскапалі, а неўзабаве – мэнінгіт. Прычым амаль усе хворыя – дзеці. Навукоўцы адназначна гавораць, што энтэравірус вельмі доўга можа захавацца толькі пры мінусавой тэмпэратуры. Але двое з бацькоў, якія падалі скаргі ў пракуратуру з прычыны эпідэміі, былі пераканыя ў адваротным. Адзін зь іх мне сказаў: “Учора выпадкова былі на стадыёне, хадзілі з дачкой на раскоп, а назаўтра яна захварэла”. Другі мне сказаў, што таксама схільны верыць, што прычына эпідэміі ў тым, што будаўнікі раскапалі могілкі. Ён нават сьцьвярджаў, што пясок адтуль разьвезьлі, і што хворыя дзеці гулялі ў пясочніцах. Вось такія чуткі. У людзях абудзілася таксама памяць. Адзін стары чалавек расказвае, што пасьля вайны з турмы на гэтыя могілкі ўначы прывозілі закопваць трупы – магчыма, расстраляных. Гэты стары жыве якраз каля стадыёну.