Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЯБРУ КХП БНФ АЛЯКСАНДРУ САЛАЎЯНУ ПРЫСУДЗІЛІ 6 МІЛЬЁНАЎ ШТРАФУ ЗА НЕСАНКЦЫЯВАНЫЯ ПІКЕТЫ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Сп. Салаўян, сталы ўдзельнік пікетаў ля так званага “Сіняга дому”, зьвярнуўся ў канцылярыю Чыгуначнага раённага суду, каб атрымаць апошнія судовыя пастановы: разам са сп. Плешчанкам ён быў асуджаны за зьбіраньне подпісаў дзеля падтрымкі ініцыятывы Сяргея Папкова пра прызнаньне незаконнасьці саюзнае дамовы. Аднак сакратарка папрасіла яго пачакаць ды прынесла цэлы стос судовых пастановаў. Паводле гэтых дакумэнтаў, за ўдзел у несанкцыянаваных пікетах цягам апошніх пяці месяцаў Аляксандар Салаўян быў ужо тройчы аштрафаваны на агульную суму 6 мільёнаў 195 тысячаў рублёў.

Гаворыць сп. Салаўян:

(Салаўян: ) “Прыходжу ды кажу сакратарцы: дайце мне пастановы за такі дзень. Яна пытаецца: “Толькі дзьве?” Я кажу: “А што, болей ёсьць?” І яна прыносіць цэлы пачак! Я як стаў расьпісвацца, думаю: што я зь імі ўсімі рабіць буду… Хай цяпер апісваюць ды забіраюць маю маёмасьць: ложак стары ёсьць, два зэдлікі добрыя, прыгожыя такія, сам рабіў… Чатыры радкі бульбы, дзьве градкі морквы да буракоў. І ўсё!”

Уся маёмасьць беспрацоўнага вяскоўца не каштуе трох тысячаў даляраў, прысуджаных судзьдзёй Сьвятланай Туфан, таму над праблемай выплаты гэтых грошай сп. Салаўян не задумваецца – гэткіх грошай у яго проста няма. Праблему ён бачыць у іншым: судзьдзя нібыта правяла два паседжаньні ў ягоную адсутнасьць, хаця ніякіх позваў у суд апазыцыянэр не атрымліваў. Тым часам сп. Плешчанку, затрыманаму зь ім разам, ужо было абвешчана пра скасаваньне падобных судовых справаў, бо сышоў тэрмін іхнага разгляду. Таму спадар Салаўян мяркуе, што прынамсі два з прысуджаных яму штрафаў былі вынесеныя з парушэньнямі судовага законадаўства.
XS
SM
MD
LG