Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАСЛЫ КРАІНАЎ ЭЎРАЗЬВЯЗУ НАВЕДАЛІ ГОРАДНЮ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Амбасадары сустрэліся ў першай палове дня з старшынём аблвыканкаму Ўладзімерам Саўчанкам. Па абедзе яны выехалі на мяжу разам з кіраўніком памежных войскаў Аляксандрам Паўлоўскім.

Раніцай нямецкі амбасадар Гельмут Фрык наведаў грамадзкае аб’яднаньне “Ратуша”. Ён расказаў пра мэту прыезду і пра аспэкты супрацоўніцтва зь беларускімі ўладамі на межах, якія стануць налета мяжой Эўрапейскага Зьвязу.

(Фрык: ) “Эўрапейскі Зьвяз ужо ўклаў больш за дваццаць мільёнаў эўра дзеля бясьпекі мяжы – на сумесныя работы, якія часткова былі праведзеныя і беларускім бокам. Гэта як на мяжы з Польшчай, так і на межах зь Літвой і Латвіяй. Але беларускі ўрад часта не ўспамінае пра гэты ўклад”.

Аднак амбасадар зазначыў, што беларускі бок таксама ўносіць свой даробак у вырашэньне супольнай задачы. Гэта — супрацьдзеяньне нелегальнай міграцыі, кантрабандзе наркотыкаў і аўтамабіляў і гандлю жанчынамі.

Апроч гэтага, сказаў сп. Фрык, хацелася бы палегчыць працэдуру перасячэньня мяжы для звычайных людзей. Паколькі непрымальна, калі людзям часам даводзіцца чакаць на мяжы цэлыя суткі і нават двое-трое сутак, прычым у нармальных, мірных умовах.

Штогод нямецкая амбасада выдае 120 тысячаў візаў для беларускіх грамадзянаў. А ўлетку часам за дзень паступае дзьве тысячы пашпартаў. Каб забясьпечыць са свайго боку лепшыя ўмовы для наведнікаў, візавы аддзел амбасады пераедзе налета ў новы будынак.
XS
SM
MD
LG