Зацьвярджаючы разнарадку на нарыхтоўку сена, райвыканкам запатрабаваў ад гандляроў мясцовой спажывецкай каапэрацыі закупіць дадатковую партыю косаў. Распавядае галоўны аграном управы сельскай гаспадаркі райвыканкаму Клаўдзія Флёрка:
(Флёрка: ) “У гандаль завезьлі косы. Арганізацыі іх купілі, на плечы — і наперад. 200 кіляграмаў сена — такое давялі заданьне. Усім! Камэрцыйным структурам нават паболей далі. Няхай працуюць, дапамагаюць раёну захаваць пагалоўе жывёлы зімою”.
Сапраўды, замежнаму прадпрыемству “Увэ Мюлер”, зарэгістраванаму ў райцэнтры, на адну асобу трэба накасіць 250 кіляграмаў сена, агулам 5 тонаў. Пра гэта распавяла дырэктарка прадпрыемства, жонка прадпрымальніка зь Нямеччыны Марына Мюлер. Замежнае прадпрыемства займаецца бытавым абслугоўваньнем насельніцтва. Тут працуюць жанчыны, і на прадпрыемстве наогул ня ведаюць, як вывесьці іх на сенакос.
(Мюлер: ) “Хто — адны жанчыны будуць сена касіць? Як? Ня ведаю. Дзе нам гэта сена нарыхтаваць? Гэта праблема. Дзе знайсьці поле з травою? Хочаш ня хочаш, пяць тонаў сена. Накасіць і здаць у калгас. Выканкам будзе, канечне, патрабаваць. Будзе скандал вялікі”, — мяркуе дырэктарка Марына Мюлер.
Сёлета, дарэчы, заданьне нарыхтоўваць сена атрымалі літаральна ўсё прадпрыемствы рэгіёну. Да прыкладу, рабочыя Мазыру павінны накасіць 9200 тонаў сена, Гомелю — 41 тысячу тонаў. Праўдападобна, улады не спадзяюцца ўжо на калгасы і саўгасы, баяцца паўтарэньня леташняй галоднай зімоўкі, калі на многіх фэрмах рацыён жывёлы складаўся з саломы і хвойных галінак.
Аднак вяртаньне да практыкі партыйнага часу з масавымі выездамі людзей з ручнымі косамі на сенажаці шмат хто лічыць немагчымым. Вось што мяркуе на гэты конт дырэктар прыватнага прадпрыемства з тых жа Лельчыцаў Валянцін Буткоўскі:
(Буткоўскі: ) “Каму гэта трэба? Навошта людзей адрываць ад вытворчасьці й пасылаць з косамі на сенажаці, у поймы? Непрадукцыйная гэта касьба. Цяпер столькі ўсялякай тэхнікі. А мы трацім паліва на падвоз людзей. Цяпер трэба поймы касіць тэхнікай. Паабапал ракі Убарць суха, можна каціцца бокам усюды — ад Глушкавіч да Замошша. Трэба ставіцца пытанне, каб гэтую пойму ўбіраць тэхнікай, а не рукамі”.