Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У СЛОНІМЕ СТРАЙКОЎЦЫ ПЕРАКРЫЛІ ВУЛІЦУ


Сяргей Астраўцоў, Гарадзенская вобласьць

Работніцы фабрыкі прыйшлі па заробак у філію “Белбудбанку”, што на вуліцы Берасьцейскай, і даведаліся, што не атрымаюць сваіх грошай. Тады каля 50 жанчын выйшлі на вуліцу і перакрылі рух каля сьветлафору. Сабраўся вялікі натоўп, утварылася чарга з машын, аўтафураў.

Вуліца Берасьцейская — транзытная магістраль. Па ёй рухаюцца да польскай мяжы і ў адваротным кірунку таксама аўтатрэйлеры — расейскія, польскія, беларускія ды іншыя. Відавочцы гавораць, што палякі лаяліся “пся крэў”, але не на страйкоўцаў, а на Лукашэнку. На месца страйку прыбыла міліцыя. Ёй удалося накіраваць машыны, якія ўсё прыбывалі, празь іншыя вуліцы.

Жанчыны патрабуюць заробкаў за два месяцы. Дырэкцыя абяцае выдаць грошы толькі за адзін месяц — болей няма. Фабрыка ў крытычным становішчы: Кіраўніцтва новае, сёлета былога дырэктара судзілі за бартэрныя апэрацыі, але праблемаў не паменела.

Прадпрыемства адно з самых буйных у горадзе: паўтары тысячы працаўнікоў. У мяне ёсьць зьвесткі, што адна работніца ад такога безграшоўя і безвыходнасьці атруцілася таблеткамі, але яе адратавалі. Удзельніцы страйку заявілі, што прывядуць яшчэ сваіх дзяцей.

Сёньня ў Слонімскім раёне таксама адбыўся страйк жывёлаводаў калгасу імя Суворава. Ім за чатыры месяцы не заплацілі заробкі. Грошай на рахунку няма — з калгасам не расплаціліся за прадукцыю маслазавод і мясакамбінат.
XS
SM
MD
LG