Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛЯКСАНДАР ЛУКАШЭНКА НАВЕДАЎ СЬВЕТЛАГОРСК


Казімер Яноўскі, Сьветлагорск

У акцыянэрным таварыстве “Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат” Аляксандар Лукашэнка абвесьціў, што забірае акцыі камбінату і зробіць яго дзяржаўным. Толькі на такіх ўмовах можна будзе выдаткаваць 15 мільёнаў даляраў на мадэрнізацыю вытворчасьці цэлюлёзы і выпуску кардонных вырабаў.

Цяпер у акцыянэрным таварыстве дзяржава мае 47% акцыяў, працоўны калектыў — 12, астатнія, паводле кіраўніка, аддадзеныя невядома каму. Рабочым камбінату Аляксандар Лукашэнка раіў не крыўдаваць, калі і 12% акцыяў, што належаць калектыву, ён таксама забярэ. Дывідэндаў на іх ўсё роўна няма. Акцыі могуць апынуцца, як выказаўся кіраўнік дзяржавы, “у нейкага расейскага замежнага чалавека”.

У Сьветлагорску Аляксандар Лукашэнка заслухаў і старшыню райвыканкаму Баляслава Пірштука пра ўкараненьне ў раёне так званых дзяржаўных сацыяльных стандартаў у жыльлёвай і камунальнай сфэрах. Як высьветлілася, з 44-х 9 стандартаў сьветлагорская вэртыкаль яшчэ ня здолела прапанаваць насельніцтву. Сярод іх і недастатковая забясьпечанасьць сьветлагорцаў месцамі ў школах. Гэта асабліва паказальна, бо летась у горадзе, паводле рашэньня гарвыканкаму, быў зачынены адзіны беларускамоўны ліцэй.
XS
SM
MD
LG