Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАРАНАВІЦКІ СУД ПРЫЗНАЎ КАРЭСПАНДЭНТА БЕРАСЬЦЕЙСКАЙ АБЛАСНОЙ ГАЗЭТЫ “ЗАРЯ” ІВАНА БУЦЬКА ВІНАВАТЫМ


Алесь Горбач, Баранавічы

Баранавіцкі журналіст Іван Буцько добра вядомы ў горадзе сваёй нецярпімасьцю да апазыцыі. Ягоныя артыкулы, што паказваюць у нэгатыўным сьвятле дзейнасьць мясцовых дэмакратычных арганізацыяў ды незалежных газэтаў, зьяўляюцца ў берасьцейскай абласной газэце “Заря” кожны раз падчас выбарчых кампаніяў. Артыкул “Разборкі ля даляравае кармушкі”, што зьявіўся якраз напярэдадні выбараў у мясцовыя саветы, ня стаў выключэньнем.

Старшыня Баранавіцкай арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Віктар Карлінскі палічыў, што праз артыкул Іван Буцько яго публічна абразіў, да таго ж зьмясьціў шэраг паклёпніцкіх зьвестак. Таму спадар Карлінскі ў Баранавіцкі суд яшчэ ў лютым падаў заяву аб узбуджэньні крымінальнай справы.

Падчас судовага паседжаньня Іван Буцько ўсё ж прызнаў, што зьвесткі, зьмешчаныя ім у артыкуле, закранаюць гонар і годнасьць Карлінскага. Журналіст, хоць і ў незразумелай форме, але ўсё ж папрасіў прабачэньня ў спадара Карлінскага і ў іншых асобаў, што згадваліся ў артыкуле.

Паводле сёньняшняй пастановы суду, карэспандэнт газэты “Заря” Іван Буцько прызнаны вінаватым у парушэньні часткі 2 артыкулу 189 Крымінальнага кодэксу, а менавіта ў абразе праз сродкі масавай інфармацыі. Суд, аднак, палічыў, што ягонае выпраўленьне магчымае без прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці, і толькі ў адміністрацыйным парадку ўсклаў на Буцька штраф на дзесяць мінімальных заробкаў. Віктару Карлінскаму таксама адмовіліся кампэнсаваць маральныя страты.
XS
SM
MD
LG