Муж і жонка Хаміцэвічы з Плісы, што ў Смалявіцкім раёне, сёлета сталі прадпрымальнікамі. Гаспадар — былы вайсковец. У Плісе сям’я жыве ў паваенным бараку. Каб назьбіраць грошай на ўласную хату, Хаміцэвічы Віталь і Анжаліка падаліся ў прадпрымальнікі. Адчынілі краму ў мястэчку. Распавядае Віталь Хаміцэвіч:
(Хаміцэвіч: ) “Каб адчыніць краму, нам давялося хадзіць па розных інстанцыях роўна адзінаццаць месяцаў. Спачатку сельсавет. Далей трэба было прабіваць ініцыятыву ў раёне. Але ж на іх працэс рэгістрацыі не скончыўся. Затым аб’езьдзілі паў-Менску. Там вельмі шмат інстанцыяў, дзе трэба атрымаць згоду. Зарэгістравацца вельмі праблематычна”.
У пасёлку Энэргетыкаў Дзяржынскага раёну людзі гандлююць проста на вуліцы. Тавар раскладзены пад адкрытым небам.
(Спадарыня: ) “Паўкіляграму агуркоў трэба прадаць. Але няма пакупнікоў, і ніяк не магу прадаць гэныя паўкіляграму”.
(Іншая спадарыня: ) “Няма чым гандляваць, дык гандлюю кропам. Не прадаецца, бо ніхто не купляе. За дзень, бывае, прадасі толькі на 1 тысячу рублёў”.
(Спадарыня: ) “Тут у нас жывуць рабочыя людзі. Яны наогул нічога не купляюць. Нават кропу”.
(Яшчэ адна спадарыня: ) “У людзей няма за што купіць. Вялікі пасёлак, але яны ня могуць зрабіць нейкі навес. Як у цывілізаваных краінах ці раёнах. А то мы нібыта жабракі. Дождж, сьнег — вечна мокрыя, змучаныя. Колькі будзе такое абыякавае стаўленьне да людзей?”
(Карэспандэнт: ) “Да начальства зьвярталіся?”
(Яшчэ адна спадарыня: ) “Яны толькі да нас прыяжджаюць і лаюць”.
Між тым, паводле Міністэрства эканомікі, прадпрымальніцтва ў рэгіёнах мае дзяржаўную падтрымку. Гаворыць кіраўніца прэсавай службы міністэрства Натальля Пацэйка:
(Пацэйка: ) “У рэспубліцы ёсьць інфраструктура падтрымкі прадпрымальніцтва. Ёсьць дзяржаўная канцэпцыя, распрацоўваюцца ўсемагчымыя праграмы ў гэтай справе. Дзейнічаюць цэнтры падтрымкі прадпрымальніцтва, ёсьць інкубатары. Ва ўсёй рэспубліцы, дзе аказваецца пэўная дапамога”.
Прадпрымальніца Тацяна Міхайлаўна жыве ў Барысаве. У мінулым пэдагог. Цяпер колішняя настаўніца гандлюе на адным з барысаўскіх рынкаў. На гэтым тыдні яна ў ліку некалькіх соцень дробных бізнэсоўцаў брала ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу. Барысаўцы пратэставалі супраць канфіскацыі тавараў. Паводле прадпрымальніцы, у Барысаве мясцовыя бізнэсоўцы адчуваюць сябе безабароннымі:
(Тацяна: ) “І ўсё спасылаюцца — дэкрэт №5. Плаці грошы ў сацыяльны фонд. А які ад яго толк? Калі ты станеш інвалідам, табе пэнсію не прызначаць. Ці вытрымае сэрца, ці вытрымаюць нэрвы? Хай бы зьвярнуліся нашыя ўлады да статыстыкі, дык яны б пабачылі, колькі ў нас нэрвовых захворваньняў і сэрца. Чаму яны нічога ня бачаць? Яны ня хочуць бачыць. Таму што гэтыя праблемы стварылі ўлады, а ня людзі”.
А вось пра які выпадак распавялі мне днямі на Ўзьдзеншчыне жыхары вёскі Ліцьвяны:
(Міхайлоўская: ) “Я пэнсіянэрка, інвалід. Вазіла да нас машына хлеб зь Менску. Мы, вядома, ня ведаем таго кіроўцу. Як першы раз ён прыехаў, дык нічога ня здарылася, было ціха. А другі раз старшыня сельсавету пачаў патрабаваць грошы за тое, што ён прадаваў гэты хлеб. Ён паказаў, што яго дакумэнты ў парадку, ёсьць ліцэнзія. А нам, пэнсіянэрам, менскі хлеб і батоны добрыя, цана даступная. А то ў нашай краме хлеб з Узды прывязуць за сем кілямэтраў, і ўжо нацэнка”.
(Чыкун: ) “Узда пячэ такі хлеб, што ў роце клеіцца. І цьвёрды. Мы яго есьці ня можам, бо бяззубыя”.
(Ірына: ) “Гэты хлеб можна даваць толькі жывёлам на корм”.
(Чыкун: ) “Мы ўдзячныя гэтаму прадпрымальніку. Вельмі добры хлеб”.
(Міхайлоўская: ) “Нам прадпрымальнік прывозіць і макарону, і алей”.
(Чыкун: ) “І вось у сераду яго як схапілі, як памчалі па вуліцы! Калі б людзі былі на дарозе — дык зьбілі б і людзей”.
(Міхайлоўская: ) “За злачынцам так наша ўзьдзенскае начальства ня гналася, як за прадпрымальнікам. Папрыяжджалі і “абэхээсэсьнікі”, з санэпідэмстанцыі, з падатковай інспэкцыі. І так гналіся за гэтай машынай. Уявіце сабе: ляціць машына за машынай. Яго гоняць наперадзе, выгналі на дарогу. І мы ня ведаем, што зь ім адбылося далей”.
(Чыкун: ) “Мы хочам напісаць у Менск, зьвярнуцца”.
За пацярпелага прадпрымальніка ў Ліцьвянах заступілася ці ня ўся вёска. Людзі сабралі дзясяткі подпісаў пад лістом пратэсту супраць дзеяньняў мясцовых уладаў. Ня ведаюць ліцьвянцы толькі чалавека ці структуры, дзе б прыслухаліся да іхнай просьбы.
Паводле грамадзкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва”, ліцьвянская гісторыя ёсьць наступствам ня толькі жорсткасьці й самаўладзтва мясцовых ўладаў, але й вынікам пасіўнай грамадзкай пазыцыі саміх прадпрымальнікаў. Гаворыць лідэр “Пэрспэктывы” Анатоль Шумчанка:
(Шумчанка: ) “Ва ўсім, што адбываецца з малым бізнэсам, часткова вінаваты сам бізнэс. Прадпрымальнікі, якія ня могуць сябе абараніць. Яны спрабуюць адолець бяду паасобку, а ня разам. Абараняцца трэба і ў рамках акцыяў пратэсту, і ў рамках арганізацыяў, якія існуюць”.