Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГОМЕЛЬСКІХ ВЫКЛАДЧЫКАЎ ПРАВЯРАЮЦЬ НА ДАБРАНАДЗЕЙНАСЬЦЬ


Казімер Яноўскі, Гомель

Ва ўнівэрсітэце транспарту распрацаваная адмысловая сыстэма ацэнкі ідэалягічна-выхаваўчай працы — для факультэтаў, катэдраў, куратараў групаў. Пры вызначэнні вынікаў улічваецца колькасьць гутарак, сустрэч зь цікавымі людзьмі, вечароў, розных іншых мерапрыемстваў.

На адным з апошніх паседжаньняў рада ўнівэрсытэту прыняла адмысловы дадатак: падчас абраньня выкладчыкаў на новы пяцігадовы тэрмін абавязкова вызначаць іх асабісты ўдзел у ідэалягічнай працы. Зроблена гэта, як публічна заяўляў рэктар Веніямін Сянько, з прычыны таго, што выкладчыкі занялі пазыцыю: рыхтуем прафэсіяналаў-чыгуначнікаў, а не выхавальнікаў.

Як жа ўспрынялі выкладчыкі навіну? Распавядае прарэктар унівэрсытэту ў справе выхаваньня Юрый Кулажанка:

(Кулажанка: ) “Па-рознаму ставяцца. Сыстэма гэтая наагул яшчэ новая. Я думаю, што ўрэшце людзі прывыкнуць. Нічога дрэннага ў гэтым я ня бачу. Калі той жа выкладчык атрымлівае “тройку” паводле пяцібальнай шкалы, яму параяць папрацаваць яшчэ на ніжэйшай пасадзе. Бальная ацэнка існуе для факультэтаў і катэдраў. Ёсьць сыстэма прэміяваньня і сыстэма ацэнкі: як чалавек, катэдра, факультэт працуюць”.

Навіна ва ўнівэрсытэце транспарту не зьяўляецца нейкім патрабаваньнем, скажам, Міністэрства адукацыі. Гэта ўласная ініцыятыва рэктарату. Ідэалягічна-выхаваўчая праца распачынаецца і ў інтэрнатах рэгіёну. Гэтага запатрабавала нядаўна ўправа інфармацыі аблвыканкаму. Прычым маюцца на ўвазе ня толькі інтэрнаты навучальных установаў, але і прадпрыемстваў і арганізацыяў — усе, што ёсьць у абласным і раённых цэнтрах.
XS
SM
MD
LG