Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВІЦЕБСК НАВЕДАЎ АМБАСАДАР ЗША МАЙКЛ КОЗАК


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Выкладаючы мэту свайго сёньняшняга візыту ў Віцебск, амбасадар Майкл Козак зазначыў:

(Козак: ) “Цяпер я набліжаюся да сканчэньня тэрміну маёй працы на Беларусі. І мая новая праца ў Вашынгтоне будзе ўключаць распрацоўку нашай палітыкі ў галіне дэмакратызацыі ды кіраваньне гэткімі праграмамі ва ўсім сьвеце. Таму я зацікаўлены ў тым, каб сустрэцца зараз з тымі людзямі, што бяруць удзел у падобных праграмах, з тым, каб даць канкрэтныя рэкамэндацыі майму наступніку. А таксама гэта дасьць нам магчымасьць яшчэ раз прааналізаваць нашае агульнае палітычнае масьленьне, якое склалася ў Вашынгтоне”.

Самымі галоўнымі тэмамі сёньняшніх размоваў з амбасадарам Злучаных Штатаў сталіся ўзаемадачыненьні ЗША ды Беларусі ды перасьлед незалежных сродкаў масавае інфармацыі ў нашай краіне. Адносіны паміж дзьвюмя краінамі Майкл Козак назваў дрэннымі, у першую чаргу з прычыны адсутнасьці ў беларускім грамадзтве сапраўднае дэмакратыі. Гэта выявілася і даўней, у часе выбараў, і цяпер, калі ўціск з боку дзяржавы адчуваюць тутэйшыя незалежныя сродкі масавае інфармацыі. Тым ня менш, паводле словаў Майкла Козака, Злучаныя Штаты гатовыя да паляпшэньня стасункаў з Беларусьсю, калі ўрад Беларусі будзе гатовы зрабіць канкрэтныя, дзейсныя крокі насустрач. Пакуль што, – сказаў Майкл Козак, – у некаторых прадстаўнікоў беларускага ўраду бракуе добрае волі, каб зрабіць гэтыя крокі.

У свае апошнія месяцы ў Беларусі амбасадар ЗША плянуе наведаць яшчэ колькі беларускіх гарадоў, каб мець шчэ болей матэрыялу дзеля сваёй будучай працы. Разьвітваючыся зь віцяблянамі, ён падкрэсьліў, што вельмі ўсьцешаны з тае нагоды, што ягоныя сувязі зь Беларусьсю такім чынам не перарвуцца.
XS
SM
MD
LG