Гараджане ды й самі чыноўнікі ня ведаюць дакладнага дня візыту, бо мясцовая “раёнка” у кожным нумары абвяшчае розныя даты. І каб ня быць засьпетымі зьнянацку, тутэйшыя вэртыкальшчыкі загадалі рамантаваць горад у аўральным рэжыме. З-за пасьпешлівасьці нават зламалі помнік Леніну. Яго плянавалі перанесьці з цэнтральнага пляцу ад старажытнай нясьвіскай ратушы ў больш прыдатнае, але малалюднае месца, – паведаміла карэнная жыхарка й краязнаўца Клаўдзія Шышыгіна-Патоцкая.
(Шышыгіна–Патоцкая: ) “Прывалаў – наш новы чыноўнік – вельмі баяўся. Яму ўжо раілі, што ноччу гэта трэба зрабіць, каб не крычалі ўсялякія гэтыя вайскоўцы. Ну, быццам бы ён іх угаварыў. Маўляў, перанясуць побач у добрае месца. А потым, гэтымі днямі, як пачалі падымаць – тросам захапілі пад рукі – ён і разваліўся на дзьве часткі. І цяпер павезьлі таго Леніна на рэстаўрацыю. Канечне, ён зробіць гэта як мага хутчэй, бо яго заб’юць – нашага Прывалава – гэтыя ўсялякія адстаўнікі”.
Затое пастамэнт, на якім стаяў бэтонны Ільліч, будаўнікам давядзецца разбураць не адзін дзень. Ягоная каменна-цэмэнтная аснова ўмацаваная ў зямлю ня менш, чым на мэтар. Як высьветлілася, да 1939 году на ім стаяў помнік Пілсудзкаму. Гаворыць інжэнэр Міхаіл Апанасік:
(Апанасік: ) “Гэта ж яшчэ Пілсудзкаму стаяў гэты пастамэнт”.
(Карэспандэнтка: ) “Што з гэтым фундамэнтам вы будзеце рабіць?”
(Апанасік: ) “Вось жа разьбіваем, а на гэтае месца будзе класьціся плітка”.
(Карэспандэнтка:) “Але ж ён тут і грунтоўна пастаўлены быў”.
(Апанасік:) “Ну вы ж бачыце: па-гаспадарску”.
Паводле будаўнікоў, працаваць даводзіцца дапазна й нават у выхадныя дні, а часам і без заробку, пад абяцаньне чыноўнікаў спаўна разьлічыцца па завяршэньні працы. Месьцічы задаволеныя, што горад прыгажэе на вачах, але абураныя, што адбываецца гэта коштам поўнага занядбаньня радзівілаўскай рэзыдэнцыі. З-за адсутнасьці грошай рэстаўрацыя Нясьвіскага палацу цалкам спыненая, – кажа спадарыня Шышыгіна-Патоцкая.
(Шышыгіна-Патоцкая: ) “Так ужо працуюць – няма ні выхадных, ні прахадных. А гэтулькі работ параспачыналі. Гэта, канечне, усё добра, але ж гэта робіцца кампанейшчына. Вось гэтая лавачка, як прыедзе пан прэзыдэнт – раптам захоча пасядзець? Дык яна ж уся птушачкамі абробленая. А яшчэ побач гарадзкая прыбіральня – раптам хто са сьвіты захоча зьбегаць – там жа жах, што робіцца. Усе мы, канечне, змагаемся, каб тут была рэстаўрацыя, каб тут быў цуд. Пакуль – усё, няма ніякага руху, бо грошай няма. Зрабілі толькі мэталёвыя перакрыцьці, а яшчэ ж трэба шукаць дахоўку, а яна вельмі дарагая”.
Паводле Клаўдзіі Шышыгінай-Патоцкай, нясьвіжанцы мяркуюць, што наведваньне пакінутага на волю лёсу палацу ёсьць часткай візытовага шоў Лукашэнкі, які на радасьць гараджанаў пакарае вінаватых і аддасьць загад аднавіць рэстаўрацыю.