Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА БЕЛАРУСКА-ЎКРАІНСКІМ ПАМЕЖЖЫ АД НЕВЯДОМАЙ ХВАРОБЫ ГІНУЦЬ КУРЫ


Алег Супрунюк, Берасьцейская вобласьць

Паводле словаў вэтэрэнараў, цяпер яны ўжо дакладна ведаюць, што першыя выпадкi захворваньняў курэй у вёсцы Макраны былi зафiксаваныя яшчэ напрыканцы сакавiка. Але мясцовыя жыхары не спяшалiся зьвяртацца ў адпаведныя службы. Таму пра курыную хваробу маларыцкiя вэтэрынары даведалiся зь вялiкiм спазьненьнем. За гэты час, паводле самых сьцiплых падлiкаў, у жыхароў Макранаў загiнула больш за тры сотнi курэй. Дакладных лiчбаў няма, бо дагэтуль ня кожны вясковец гатовы распавесьцi, колькi хатнiх птушак загiнула на ягоным асабiстым падвор’i. Мясцовыя жыхары мяркуюць, што на разьвiцьцё курыных хваробаў паўплывалi заняпад вясковай эканомiкi i знаходжаньне Макранаў на мяжы з Украiнаю.

(Спадарыня: ) “Зараз у нас у раёне няма птушкафэрмаў ужо два гады, вось i зьявiлася, я лiчу, праблема. Людзi купляюць птушку, куранятаў — хто дзе можа, i вязуць, цягнуць з усяго белага сьвету”.

(Карэспандэнт: ) “А вось тое, што Ўкраiна побач неяк паўплывала, як вы лiчыце?”

(Спадарыня: ) “Дакладнай iнфармацыi ў нас няма, але неафiцыйна вядома, што каля двух месяцаў таму на тэрыторыi Ўкраiны таксама былi праблемы”.

Пакуль вэтэрынарамi высунутая вэрсiя, што куры загiнулi ад гэтак званай хваробы Ньюкасла. Але галоўны вэтэрынарны лекар Берасьцейскае вобласьцi Аляксандар Гарбуз паведамiў сёньня, што дакладная прычына масавага захворваньня курэй на беларуска-ўкраiнскiм памежжы ўсё яшчэ высьвятляецца.

(Гарбуз: ) “Вэрсiя такая, што калi б мы празь вiрусныя дасьледваньнi пацьвердзiлi, што гэта хвароба Ньюкасла, можна было б сьмела казаць пра прычыны гiбелi птушак. Але трэба ўлiчваць геаграфiчнае становiшча гэтай вёскi, што знаходзiцца на памежным пераходзе. Таму былi прынятыя захады для прафiляктыкі гэтай хваробы”.

Захады, пра якiя кажа Аляксандар Гарбуз, прадуглежваюць, сярод iншага, абмежаваньнi iмпарту птушкi ў Беларусь. Берасьцейскiя вэтэрынары раюць спажыўцам пакуль адмовiцца ад набыцьця курэй i курыных яек, што паходзяць з Украiны.
XS
SM
MD
LG