Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АГП ПРАПАНУЕ МАГІЛЁЎСКІМ УЛАДАМ УСТАЛЯВАЦЬ У ЦЭНТРЫ ГОРАДУ ПОМНІК АХВЯРАМ ЧАРНОБЫЛЯ


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

Лідэры магілёўскай арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі ўпэўненыя, што ўсталяваньне ў абласным цэнтры помніку пацярпелым ад радыяцыйнай навалы – вельмі актуальная рэч, нават пасьля 17 зь лішкам гадоў, што мінулі з моманту аварыі ў Чарнобылі.

Ініцыятары звароту лічаць, што з цягам часу насельніцтва губляе інтарэс да акцыяў, якія праводяцца раз на год 26 красавіка. Людзі паступова забываюцца на тое, што адбылося ў 1986 годзе. І самае галоўнае, гаворыць старшыня магілёўскай абласной арганізацыі АГП Уладзімір Шанцаў, забываюцца пра прычыны трагедыі.

(Шанцаў: ) “Чаму адбылася трагедыя? Таму што пры ўладзе быў таталітарны рэжым і пра трагедыю мы даведаліся з выпускаў швэцкага радыё чамусьці. Ад насельніцтва ўсё хавалі. Было б вельмі актуальна, каб людзі памяталі, чым пагражае развіцьцё таталітарызму. У якім жа грамадзстве мы знаходзімся”.

Помнік чарнобыльцам ёсьць на ўскраіне Магілёва – на тэрыторыі былога інстытуту радыяцыйнай мэдыцыны. Сябра рады гарадзкой арганізацыі АГП Уладзімер Гайдукоў лічыць, што гэтага недастаткова.

(Гайдукоў: ) “Да гэтага помніку прыходзяць толькі 26 красавіка, і тое высокапастаўленыя магілёўскія чыноўнікі. Само ж насельніцтва пра гэты помнік вельмі мала ведае”.

Аб’яднаная грамадзянская партыя прапануе гарадзкім уладам усталяваць помнік менавіта ў цэнтры гораду, каб яго штодня бачылі людзі. Сродкі на яго, мяркуюць грамадзкія актывісты, можна знайсьці ў бюджэце Магілёва.

(Гайдукоў: ) “Вуліцы нашых гарадоў, асабліва цэнтральныя, усё прыгажэюць. Асабліва гэта стала заўважна перад заплянаваным правядзеньнем саміту Саюзу Беларусі і Расеі, і на гэта выдаткоўваюцца вялізныя сумы. Таму грошы на невялікі помнік у цэнтры гораду гарадзкім уладам можна знайсьці”.

Ва ўправе інфармацыі Магілёўскага гарвыканкаму паведамілі, што зварот АГП разглядаўся і зараз рыхтуецца адказ. Паводле некаторай інфармацыі, гарвыканкам мае намер нагадаць, што помнік ахвярам Чарнобыля ў Магілёве ўсё ж ёсьць і ён даступны для людзей, а таксама прапанаваць Аб’яднанай грамадзянскай партыі паклапаціцца аб помніках ў раённых цэнтрах, якія пацярпелі ад радыяцыйнай катастрофы і дзе не ўшанавалі памяць аб яе ахвярах.

Уладзімер Гайдукоў лічыць, што было б справядліва, калі ідэя АГП абмяркоўвалася не толькі ў вузкім коле чыноўнікаў, а пры шырокім удзеле грамадзкасьці.

(Гайдукоў: ) “Мы мяркуем, што гараджане абавязкова падтрымалі б гэтую ідэю, таму што шмат сямей пацярпелі ад гэтай трагедыі”.

У Магілёўскай арганізацыі АГП таксама заявілі, што гатовыя выступіць зь ініцыятывай усталяваць помнікі ахвярам Чарнобыля і ў раённых цэнтрах Магілёўшчыны.
XS
SM
MD
LG