Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛІКВІДАЦЫЮ ГОМЕЛЬСКАГА АБ’ЯДНАНЬНЯ “ГРАМАДЗЯНСКІЯ ІНІЦЫЯТЫВЫ” АДКЛАЛІ НА ЧЭРВЕНЬ


Казімер Яноўскі, Гомель

Ініцыятары зьліквідаваньня грамадзкага аб’яднаньня, прадстаўнікі ўправы юстыцыі Андрэй Міцкевіч і Кацярына Марозава ўжо напачатку суду заявілі хадайніцтва пра прыпыненьне разгляду справы. На той падставе, што “Ініцыятывы” падалі скаргу ў міністэрства юстыцыі на высновы ўправы адносна парушэньня дэкрэтаў. Кіраўнікі “Грамадзянскіх ініцыятываў” з аргумэнтамі ўправы юстыцыі не пагадзіліся. Крыху больш, як два тыдні таму “Ініцыятывы” самі прапаноўвалі прыпыніць справу. Аднак управа настойвала на хутчэйшым яе разглядзе.

Сёньня ж на суд прыехалі актывісты аб’яднаньня са шматлікіх раённых цэнтраў, яны трацілі сродкі й час. Запрошаныя былі са сталіцы прадстаўнікі праваабарончага Цэнтру “Вясна” і “Незалежнага таварыства праўных дасьледаваньняў”. У залі суда назіральнікамі прысутнічаў і сакратар амбасады ЗША ў Беларусі Ян Тэрнэр.

“Грамадзянскія ініцыятывы” палічылі магчымым толькі заключэньне міравога пагадненьня, калі ўправа юстыцыі наогул адкліча свой пазоў. Судзьдзя Алена Краўчанка пасьля працяглага перапынку адхіліла хадайніцтва ўправы юстыцыі наконт прыпыненьня справы. Тады пракурор Кручэнка прапанаваў новы варыянт — адкласьці справу, з чым ахвотна пагадзіліся супрацоўнікі ўправы юстыцыі. “Ініцыятывы” пярэчылі, аднак судзьдзя перанесла разгляд справы пра ліквідацыю “Грамадзянскіх ініцыятываў” на 9 чэрвеня.

На гэта старшыня аб’яднаньня Віктар Карніенка сказаў нашаму радыё:

(Карніенка: ) “У чым падаплёка ўсяго гэтага, на мой погляд?.. Справа ў тым, што ў панядзелак у Гомель прыяжджае вялікая група адказных службовых асобаў АБСЭ. І мне падаецца, што гэта — дэманстрацыя як бы павагі да правоў чалавека ў нашай краіне. Калі б сёньня распачалося разьбіральніцтва, была б зразумелай аргумэнтацыя, і мы маглі б апэляваць да грамадзкасьці, маючы ў руках факты. Пакуль што йдзе гульня. Але гэтая гульня зьвязаная зь візытам у краіну прадстаўнікоў паважнай арганізацыі, і ня больш”.

Прадстаўнік праваабарончага цэнтру “Вясна” Ўладзімер Лабковіч таксама зважае на пэўную схему паводзінаў ўладаў і судоў.

(Лабковіч: ) “Бачная агульная схема. Учора я ўдзельнічаў у абароне абласнога грамадзкага аб’яднаньня “Ратуша” ў Горадні. Такая ж самая сытуацыя! Улады жадаюць вось на гэты момант, пакуль ёсьць вялікая грамадзкая цікаўнасьць, рэзананс, калі міжнародныя структуры пачалі ўмешвацца, зацягнуць гэты працэс, весьці яго як мага даўжэй, а пасьля ў ціхай і спакойнай абстаноўцы зрабіць сваю справу — зьліквідаваць грамадзкія арганізацыі”, — лічыць прадстаўнік “Вясны” спадар Лабковіч.
XS
SM
MD
LG