Ініцыятыва роспуску прафсаюзу ўзьнікла ў Менску. З сталіцы паступіла распараджэньне намесьніка старшыні мытнага камітэту Івана Авіна зьліквідаваць прафсаюзы і ўтварыць на іхным месцы аб’яднаньне мытнікаў.Чыноўнікі, якія ачольваюць беларускую мытню, лічаць, што людзям у пагонах прафсаюз увогуле не патрэбны.
Думкі мытнікаў на гэты конт ніхто не пытаўся. Як заявіў адзін з магілёўскіх мытнікаў, які пажадаў застацца невядомым, іхныя кіраўнікі цудоўна разумеюць, што падпарадкаваныя жорсткай дысцыпліне падначаленыя ня будуць пратэставаць.
На думку чыноўнікаў, альтэрнатывай прафсаюзу можа стаць так званае аб’яднаньне мытнікаў, якое будзе фармавацца па прафэсійнай прыкмеце. Адметна, што памер складак сяброў гэтага аб’яднаньня вызначаны 1,5% ад месячнага заробку, што ўдвая менш за прафсаюзныя складкі. Як лічаць лідэры прафсаюзу, такім чынам начальнікі спрабуюць падкупіць шараговых супрацоўнікаў.
Прафсаюзная арганізацыя, якая аб’ядноўвае больш як 200 мытнікаў, уваходзіць у склад абкаму прафсаюзу працаўнікоў дзяржаўных і іншых установаў. Паводле інфармацыі старшыні гэтага абкаму Сяргея Скрабунова, арганізацыя мытнікаў ёсьць адной з самых лепшых і актыўных у гэтым прафсаюзе, актыўна займаецца культурна-масавай працай і дапамагае сваім калегам.
Спадар Скрабуноў ужо зьвярнуўся да старшыні Фэдэрацыі прафсаюзаў Леаніда Козіка. У лісьце ён просіць яго ўмяшацца ў гэтую справу і дапамагчы захаваць прафсаюзы мытнікаў. Як стала вядома, па такім жа сцэнары разгортваюцца падзеі і ў іншых рэгіёнах.