Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці разграбуць дэпутаты мясцовых саветаў разам са сваімі выбарцамі ўсебеларускі сьметнік?


Аляксандар Уліцёнак, Менск

За апошнія гады раённыя цэнтры і асабліва вёскі на вачах пачалі развальвацца, тануць у сьмецьці. Вось і вызначылі навядзеньне парадку на зямлі найпершым клопатам мясцовых саветаў. Як вырашаецца пастаўленая Лукашэнкам задача і што замінае вырашэньню гэтай сапраўды надзённай праблемы?

У маёй роднай вёсцы Ракузаўка, што на Магілёўшчыне, калісьці былі тры футбольныя палі, дзьве валейбольныя пляцоўкі, а сотня двароў, усе тры вуліцы літаральна патыналі ў зелені... Адна бяда — дарога: улетку пыльная, увесну ды ўвосень разьбітая.

А цяпер усё па-іншаму: за права разьмясьціць у сябе пад бокам асфальтава-бітумны заводзік землякі займелі добрыя дарогі, але згубілі чыстае паветра. Да таго ж, калі рабілі дарожныя насыпы, парэзалі трактарамі ды бульдозэрамі спортпляцоўкі. Аднаўляць іх ніхто ня стаў, і тая плошча пакрысе зрабілася вялізным неахайным сьметнікам, які ўжо запоўз у лес, падступіўся да самых могілак. Хто даўно ня быў у Ракузаўцы — плююцца: маўляў, ну як жа так?! Усё вельмі проста: ад безгаспадарчасьці ды абыякавасьці. І ўладаў, і вяскоўцаў.

І так хіба ці не паўсюль у краіне. Вось замалёўка з натуры: Гомельшчына, Улукаўскі сельсавет, вёска Чырвоны Маяк. Ну нічым не адрозьніваецца ад маёй малой радзімы: сьмецьцем забіта ўсё наўкол, нават пойма ракі. Па вуліцы 56-гадовы Леанід Патылкін акурат цягне самаробны вазок, нагружаны карою і розным будаўнічым друзам. Куды?

(Патылкін: ) “Там звальваюць, ля рэчкі. У нас няма сьметніку, куды адвязеш… Павінна быць пэўнае месца! А калі яго няма? Куды хочаш, туды вязі! Вунь пад гору, сьвідравіна стаіць…”

Заўважаем, што там якраз ахоўная зона.

(Патылкін: ) “Дык я ж не каля скважыны валю, а туды далей. Няхай улады адвядуць месца для сьметніку. Не было тут парадку і ня будзе, калі месца не адведзена для сьметніку”.

Як і ў маёй вёсцы, ад сьмецьця тут пазбаўляюцца, хто як можа. Але калі раней увесну ды ўвосень яго ў асноўным палілі на гародах, дык з развалам працоўнай дысцыпліны ў калгасах і рэзкім зьніжэньнем аўтарытэту сельсаветаў усё пайшло самацёкам. Як ня стала каму рыкнуць: “Ты што гэта?! А ну шуруй назад!” — абыякавасьць перамагла самапавагу, асабісты клопат — вясковыя інтарэсы.

Гутарым з пэнсіянэрам Сьцяпанам Якімчанкам.

(Якімчанка: ) “Сьмецьце — гэта ўжо праблема з праблемаў. Раней яго было меней. Зараз што ў каго зьявілася — вывозяць за краму. Там сасоньнік, яго загадзілі так, што немагчыма глядзець. Быў прыгожы сасоньнік, мы яшчэ садзілі яго самі. Зараз яшчэ каля ракі загадзілі. Там водазаборнік. І каля яго выгружаюць сьмецьце. Нават падаль прывозяць, сабак там — усё, што хочаце”.

Тут зусім лягічна паўстае пытаньне: куды ж глядзіць улада? Я задаваў яго сваім, ракузаўскім дэпутатам. І пачуў у адказ: “А ў нас безуладзьдзе, вось якая штука...” Справа ў тым, што людзі ўжо зьбіліся, колькі старшыняў памянялася апошнім часам у мясцовай гаспадарцы, а ў самой Ракузаўцы брыгадзіраў. Сельсавет жа фактычна як быў, так і застаўся бяспраўным прыдаткам калгасу. Стаяў той на нагах — і сельсавет меў сілу. А як пайшло празь пень-калоду, дык і загаварылі на вёсцы пра бязуладзьдзе. Бяспраўны, безграшовы сусед-дэпутат згубіў свой і без таго невысокі аўтарытэт. Ды й адкуль яму ўзяцца, калі той жа стадыён забіваў сьмецьцем разам з усімі? Гэта меркаваньне людзей. Ну а ў саміх прадстаўнікоў блізкае, так бы мовіць, улады іншая думка. Вось Васіль Сьвістун, дэпутат Дукорскага сельскага Савету. Яму 76 год, гэта, бадай адзін са старэйшых дэпутатаў ня толькі ў Пухавіцкім раёне, але і ў краіне. Меркаваньне вэтэрана пра палітыку Лукашэнкі ў навядзеньні парадку на зямлі катэгарычна адмоўнае:

(Сьвістун: ) “Гэты самы сапраўдны папулізм і ня больш таго, — я так лічу. Тутака чарговая кампанейшчына. А гэта мусіць быць няспынна ў жыцьці кожнага чалавека. Для таго каб быў парадак, патрэбныя ўмовы. Колькі разоў падымалася пытаньне на сэсіях, каб арганізаваць кантэйнэры, сьмецьцявозку. Але ўсё на месцы — сродкаў няма…”

Іншыя дэпутаты пабойваліся называць свае прозьвішчы: маўляў, ня тое, каб дужа баімся, аднак лепей падстрахавацца ананімнасьцю. (У дужках адзначым: такая абачлівасьць — фактычна яшчэ адна прыкмета ўсё таго ж безуладзьдзя.) А не хацелі народныя абраньнікі казаць уголас пра тое, напрыклад, што ў Ракузаўцы сьметнік застанецца некранутым, бо скупыя сельсавецкія сродкі ляснулі на тэрміновае добраўпарадкаваньне славутага Буйніцкага мэмарыялу, які ў паўтара кілямэтрах ад маёй роднай вёскі.

Хутка ў Магілёве павінна адбыцца сустрэча беларусаў з расейскімі “думцамі”, дык гасьцям хочуць прадэманстраваць добраўпарадкаванае поле, апетае калісьці славутым Канстанцінам Сіманавым. Так, герояў 41-га трэба шанаваць, але ці ня лепш рабіць тое за кошт бюджэту саюзнае дзяржавы, калі ўсё падганяецца пад высокую сустрэчу? У іншым выпадку варта казаць пра ўрокі не патрыятызму, а ўсё таго ж папулізму, падману людзей нібыта клопатам пра іх з боку дзяржавы і ейнага кіраўніка. Дарэчы, грошай на барацьбу з засьмечанасьцю дзяржава дае “блізкай уладзе” самы мізэр. Распавядае старшыня Дукорскага выканкаму Тацяна Савік:

(Савік: ) “Усяго на добраўпарадкаваньне і навядзеньне санітарнага парадку на нашых землях адведзена, паводле пляну, 1 мільён 900 тысячаў рублёў. Гэта вельмі маленькія сродкі і зрабіць нешта з дапамогай гэтых грошай і навесьці парадк — немагчыма. Таму што ў нас 14 населеных пунктаў на тэрыторыі сельскага савету і ў кожным населеным пункце прыкладна трыста двароў будзе. Ёсьць маленькія, а ёсьць і вялікія, як напрыклад, Дукора”.

Ужо на сёньняшні дзень на добраўпарадкаваньне ў Дукорскім сельсавеце скарыстана каля паўтара мільёны.

(Савік: ) “Сёлета мы падбуртавалі ўжо два мініпалігоны для цьвёрдабытавых адкідаў. Туды людзі вывозяць сваё сьмецьце”.

Але ж хіба тое выратуе сытуацыю? Два сьметнікі на чатырнаццаць вёсак... Хоць у параўнаньні зь іншымі сельсаветамі прагрэс навідавоку. Гаворыць ужо знаёмы нам Васіль Сьвістун з Дукоры:

(Сьвістун: ) “Тут у нас арганізавалі звалку за кілямэтраў пяць адсюль. Хіба можа 80-гадовая бабуля занесьці туды ці завезьці сваё сьмецьце? На чым?!! Ну добра, навядзем мы сёлета парадак. А на наступны год гэта закінем, а возьмемся за іншае. На адзін год — навядзем. Нявесту сустракаем, дык падфарбавалі ганак”.

А вось што, напрыклад, кажа жыхарка з Чырвонага Маяка:

(Спадарыня: ) “Я — інвалід, дык закопваю сьмецьце ля хаты”.

Еўдакія Валодзькіна дадае, што ані саўгас “Бярозкі”, ані Ўлукаўскі сельскі Савет, да якога належыць і вёска Чырвоны Маяк, ня дбаюць пра навядзеньне парадку.

(Валодзькіна: ) “Няма куды вазіць — ні ямкі не зрабілі, нічога. Нават вядра ў калодзежы няма. Кожны са сваім ходзіць”.

(Карэспандэнт: ) “Дык склаліся б на вядро!”

(Валодзькіна: ) “А колькі можна “складвацца”? За што мы плацім самаабкладаньне? Плацім жа штогод! Штогод утрымліваюць. Два калодзежы, а кожны йдзе са сваім вядром. У каго яно чыстае, а ў каго — бруднае, ці яшчэ якое”.

Цікава тое, што ў адпаведнасьці з зацьверджаным Лукашэнкам плянам барацьбы за навядзеньне парадку на зямлі прадугледжаныя бясконцыя магымасьці штрафаваць парушальнікаў розных санітарных нормаў. Пытаемся ў спадарыні Савік, за што раённыя начальнікі могуць пакараць старшыню сельсавету?

(Савік: ) “Пакараць мяне могуць за ўсё. І заўсёды — штогод — караюць. Нашая інспэкцыя прыродных рэсурсаў — за тое, што ў мяне вельмі вялікая тэрыторыя сельсавету”.

Ну а якія карныя захады ў сваю чаргу можа выкарыстаць “блізкая ўлада” да вяскоўцаў?

(Савік: ) “На тэрыторыі Дукорскага сельскага савету знаходзіцца 1772 падворкі. Усім гэтым людзям мы раздалі акты, у якіх гаворыцца пра тое, што патрэбна наводзіць парадак ня толькі на сваім падворку, а й вакол свайго плоту. А ў вёсцы гэта, як правіла, да сярэдзіны праезнай часткі. Указаны й штраф, які можа быць за парушэньне гэтага парадку”.

Старшыню Дукорскага сельсавету дапаўняе сакратар выканкаму Ірына Лешчанка:

(Лешчанка: ) “Ваюем. З усімі ваюем — зь дзядамі й бабулямі. Угаворваем, каб ня сыпалі, каб усё спальвалі. Вы ж, кажу, чуеце, што кажа наш “бацька” Аляксандар Рыгоравіч — што трэба жыць у чысьціні й парадку. Так, цяжка, калі няма людзей і грошай, але трэба парадак падтрымліваць”.

Досьвед, аднак, сьведчыць: калі здараецца амаль неверагоднае — раптам адкрываецца сапраўды неабходнае фінансаваньне, дык асвоіць выдаткаваныя сродкі зусім няпроста. Бо навядзеньне таго самага парадку фактычна азначае поўны капітальны рамонт ці рэстаўрацыю як маленькай вёскі зь яе паваленымі платамі, разьбітай вуліцай ды параю калодзежаў, так і раённы цэнтар зь ягонай немудрагелістай інфраструктураю. Тады для асваеньня выдаткаваных фондаў на месцах не хапае ўжо тэхнікі й спэцыялістаў.

Менавіта гэта адбываецца зараз у Пружанах. Шэраму ад няспыннай беднасьці гораду пашчасьціла: увосень тут пройдуць чарговыя “Дажынкі”, таму Менск і выдаткаваў вялікія сродкі, ажно 100 мільярдаў рублёў. Але ні “блізкая ўлада”, ні абласны савет ня маюць магчымасьцяў асвоіць іх. Літаральна днямі выпраўляць сытуацыю туды прыехаў сам кіраўнік адміністрацыі Латыпаў... Безь яго — справы ні зь месца.

А гораду Кругламу чакаць не дачакацца такога падарунку лёсу. Усё проста: “Дажынкі” сьвяткуюць раз на год. Вось і атрымліваецца: стаяць у чарзе на сапраўднае, а не “пацёмкінскае” добраўпарадкаваньне, трэба стагодзьдзе, бо ў Беларусі прыблізна сто раённых цэнтраў. Круглянцам вельмі не пашэнціла з чаргой, бо суседзі ў іх — землякі Лукашэнкі. Шклоў адбудоўвалі ўсёй краінай, а Кругламу ў выніку трэба выпаўзаць з бруду ды смецьця аднаму... Магчыма таму, каб тую працу бачылі ўсе, добраўпарадкаваньне тут пачалі арыгінальна — з масавага зьнішчэньня дрэваў, што выклікала абурэньне людзей.

(Спадар: ) “Крыўдзіць, што дрэвы ўсе павысякалі ў нас! Гэта ж кісларод!.. І так хапае загазаванасьці ўсялякай. Дрэнна і для дзяцей, і для дарослых”.

(Спадарыня: ) “Канечне, шкада дрэваў, столькі расьлі. Ідзеш і глядзіш на гэтыя пні, з пня цячэ сок бярозавы. Канечне, шкада было… Сказалі — і зрэзалі. А што мы вырашым?”

Дэпутатка Круглянскага раённага савету ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Зінаіда Мялешчанка паспрабавала змагацца — накіравала пратэстныя лісты ва ўсе магчымыя інстанцыі і нават судзілася. Прайграла, не атрымаўшы падтрымкі раённага савету. Але, магчыма менавіта з-за таго скандалу апошнімі днямі пасадзілі шмат дрэваў, і цяпер круглянцы спрачаюцца, ці прыжывуцца яны.

Спрэчкі ўлады і дэпутату раённага савету зрабілі тэму навядзеньня парадку на зямлі вельмі актуальнай і падштурхнулі да выказваньня сваіх меркаваньняў жыхароў Круглага. Людзі лічаць, што кожны мусіць адказваць за сваю тэрыторыю.

(Спадарыня: ) “Кожны гаспадар павінен навесьці парадак. Навяду я, навядзе сусед, навядзе іншы — у нас будзе парадак. Гаспадары патрэбныя”.

Дэпутатка Зінаіда Мялешчанка згодная з выбарцамі. Аднак і ўлады, на яе думку, мусяць паклапаціцца пра арганізацыю гэтай працы.

(Мялешчанка: ) “Трэба сыстэму прыдумаць: выбіраць старэйшых — на вуліцы, на завулку. І прызначаць гэтых людзей, зацікаўліваць, і кіраўніцтва мусіць зь імі кантактаваць. Кіраўнік павінен ня сам паперкі падбіраць — як гэта часам робіць мэр нашага пасёлку. А так наладзіць зь людзьмі кантакт, каб яны самі былі зацікаўленыя ў тым, каб было чыста”.

А вось меркаваньне пра ролю начальства ў гэтай справе аднаго з выбарцаў:

(Спадар: ) “Правільна, Лукашэнка сам са Шклова — значыць, там і парадак. А тут начальства мяняецца: літаральна год-два і пайшлі на падвышэньне. Ім тут нібыта трамплін для кар’еры. Вось і ўсё”.

Такім чынам, каб навесьці парадак на зямлі, патрэбныя сумленныя ўлады й гаспадары. І з тым, і зь іншым, на думку людзей, зараз цяжка. А значыць, усе гучныя заявы й адпаведныя дырэктывы кіраўніцтва краіны ня больш чым папулісцкія лёзунгі. А разгорнутыя бадзёрыя справаздачы мясцовай “вэртыкалі” — звычайная “пацёмкаўшчына”. Да той пары не разграбуць сьметнікавыя эвэрэсты ў Ракузаўцы, не зьберагуць водазаборныя сьвідравіны ў Чырвоным Маяку, не перастануць штрафаваць за бруд жыхароў Дукоры, ня вырасьце парк у Круглым, пакуль безаблічныя саветы не рэфармуюцца ў сапраўды прадстаўнічую ўладу, пакуль не ўзмацнее ў грамадзтве настрой, сфармуляваны ў словах сапраўднага гаспадара: “Гэта — маё!” І здарыцца тое ня сёньня і заўтра, як кажа Лукашэнка. Той падман разумее навата бабулька з Круглага:

(Спадарыня: ) “Я, можа, не дажыву, аднак, унукі мае дажывуць. Станець прыгожым горад, я вам абяцаю”.

Застаецца спадзявацца — гэта мара спраўдзіцца раней, чым спадзевы летуценьнікаў на тое, што й на Марсе заквітнеюць некалі яблыні...
XS
SM
MD
LG