Рэдактар “Вольнага гораду” лічыць рашэньне Крычаўскага райвыканкаму, які адмовіўся ўзгадніць юрыдычны адрас рэдакцыі для далейшай рэгістрацыі выданьня, незаконным. Ён заявіў, што парушаныя ягоныя правы. Аднак сёньня Магілёўскі абласны суд пагадзіўся з аргумэнтамі прадстаўніка Крычаўскага райвыканкаму.
Справа ў тым, што Сяргей Няроўны як індывідуальны прадпрымальнік спрабаваў зарэгістраваць газэту “Вольны горад” на хатні адрас. Пра законнасьць такога кроку сьведчылі паперы зь міністэрстваў юстыцыі і інфармацыі, якія рэдактар прадставіў у судзе.
Аднак райвыканкам спаслаўся на тое, што Сяргей Няроўны не зьяўляецца ўласьнікам кватэры, а толькі кватэраздымальнікам, а таму ня можа распараджацца сваёй плошчай, а толькі выкарыстоўваць яе выключна як жыльлё.
Вынік суду залежаў ад пазыцыі адкрытага акцыянэрнага таварыства “Крычаўрайаграпрамтэхснаб”, на балянсе якога ўтрымліваецца жылы дом, дзе жыве сям’я Няроўных. Два месяцы таму гэтае прадпрыемства афіцыйна дало згоду на разьмяшчэньне рэдакцыі ў кватэры, але апошнія дні выступіла катэгарычна супраць, што зьвязана са зьменай кіраўніцтва і, як лічыць Сяргей Няроўны, з уплывам райвыканкаму.
Паводле меркаваньня Няроўнага, у гэтай сытуацыі мясцовая ўлада папросту шукае любыя фармальныя зачэпкі, каб перашкодзіць рэгістрацыі апазыцыйнага выданьня.
(Няроўны: ) “Галоўная прычына – гэта абстаноўка ў рэспубліцы, калі Лукашэнка рыхтуецца да рэфэрэндуму аб працягу сваіх паўнамоцтваў, а таксама хутка будуць выбары ў Палату прадстаўнікоў. Крычаўскі райвыканкам ня хоча, каб людзі пачулі альтэрнатыўны пункт гледжаньня на падзеі ў Крычаўскім раёне”.
Рэдактар “Вольнага гораду” абураны тым, што дэмакратычная газэта, якая выходзіла ў Крычаве больш за тры гады як незарэгістраваная, мела наклад 299 асобнікаў і карысталася вялікай папулярнасьцю ў жыхароў раёну, зараз пазбаўленая магчымасьці быць зарэгістраванай, друкавацца і распаўсюджвацца нармальным чынам у рэгіёне.
Прадстаўнік Крычаўскага райвыканкаму ў судзе адмовіўся камэнтаваць дзеяньні мясцовай улады і судовае разбіральніцтва, а Няроўны гаворыць, што сёньняшняе рашэньне суду – гэта якраз тое, чаго дамагалася раённая вэртыкаль.
(Няроўны: ) “Як я і думаў, рашэньне было прынятае на карысьць улады. І, на жаль, яно ня праўнае, а палітычна матываванае. Але ўсё ж мы будзем змагацца і далей”.
Сяргей Няроўны заявіў, што крычаўскія дэмакраты будуць рыхтаваць новыя праекты ў галіне недзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі. Яны паспрабуюць заснаваць новае выданьне, якое будзе называцца “Ўласны камэнтар”.