У новаўтвораны “Клюб беларускамоўнага студэнцтва” ўвайшлі навучэнцы Магілёўскай вучэльні культуры. Ягонымі ўдзельнікамі сталі зь дзясятак юнакоў і дзяўчатаў, аднак яны ўпэўненыя, што да іх далучацца новыя сябры. Гэтыя маладыя людзі хочуць навучыцца размаўляць па-беларуску і бліжэй пазнаёміцца з ідэямі беларускага Адраджэньня.
Студэнты гавораць, што толькі адзін ці два выкладчыкі ў вучэльні культуры ведаюць беларускую мову, аднак і яны на ёй не выкладаюць. Таму ў будучых супрацоўнікаў сфэры культуры няма магчымасьці вывучыць беларускую мову ў сваёй навучальнай установе.
Сябры клюбу гавораць, што перад тым, як дамагчыся дабрабыту ў краіне, трэба паклапаціцца пра дабрабыт у сябе. То бок самім навучыцца размаўляць на роднай мове, перад тым як прапагандаваць у грамадзтве беларускую культуру.
Гаворыць лідэр магілёўскага “Клюбу беларускамоўнага студэнцтва” і будучы тэатральны рэжысэр Зьміцер Кітаёў:
(Кітаёў: ) “Я думаю, што нікому ня трэба казаць пра тое, у якім стане знаходзіцца літаратура, мова, культура. І таму, калі б я што і хацеў зьмяніць, дык гэта наш духоўны асяродак. Каб сапраўды мы вярнуліся да сваіх каранёў, да сваёй мовы, да сваёй культуры”.
Клюб зьбіраецца праводзіць беларускія вечарыны, творчыя дыспуты і сэмінары. Студэнты вучэльні культуры гавораць, што яны імкнуцца да творчага самавыяўленьня, а таму ў межах клюбу яны зьбіраюцца ажцьцяўляць свае беларускія праекты – культурныя, гістарычныя і драматургічныя.
(Кітаёў: ) “Нашая культура не павінна загінуць. Мы мусім яе захаваць, таму што ў нас будуць дзеці. І гэтыя дзеці мусяць ведаць пра тое, што яны – беларусы, што яны жывуць на гэтай зямлі і што гэтая зямля належыць толькі ім”.