Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ФЭРМЭРАЎ НЕ ЖАДАЮЦЬ РАЎНЯЦЬ ДА КАЛГАСАЎ


Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць

Паводле рашэньня аблвыканкаму калгасам і саўгасам Рагачоўскага раёну выдзелена на пасяўную 1613 тонаў дызэльнага паліва фіксаванага кошту. Яно таньнейшае за звычайнае прыкладна на чвэрць. Меркавалася спачатку, што 39,5 тоны гэтага паліва атрымаюць і рагачоўскія фэрмэры, якіх у раёне больш за тры дзясяткі. Аднак у хуткім часе ў райсельгасхарчы колькасьць таннага паліва для фэрмэраў скарацілі да 17,8 тоны, а потым і наогул вырашылі не даваць ім нічога. Патлумачылі, што збожжавыя плошчы фэрмэраў ня ўключаны ў агульны плян пасяўной кампаніі.

Гаворыць старшыня раённай асацыяцыі фэрмэрскіх гаспадарак Дыяна Дадзеркіна:

(Дадзеркіна: ) “У раёне патлумачылі: вы бачыце, тут толькі плошча яравой сяўбы калгасаў і саўгасаў. Тысячы фэрмэрскіх гектараў ня вылучана. Шукайце, дзе яна дзелася”.

Пасьля шматлікіх паходаў начальнік райсельгасхарчу Мікалай Дорасеў распарадзіўся адпусціць фэрмэрам 7,5 тоны паліва і абяцаў яшчэ 5 тонаў, але пазьней. Калі фэрмэры яго атрымаюць, невядома.

Падобная сытуацыя з выдзяленьнем паліва прыватным земляробам склалася і ў Добрускім раёне. Там толькі аднаму фэрмэру Савелію Балаболаву ўдалося проста-такі выбіць 2 тоны льготнага паліва. Тры дні гэты фэрмэр страціў на тое, каб атрымаць 5 тонаў насеньня ячменю па зьніжаных цэнах.

Не выконваецца дамоўленасьць пра выдзяленьне фэрмэрам крэдытаў на набыцьцё тэхнікі. Прасілі яны няшмат — 23 трактары.

Распавядае старшыня праўлення абласной асацыяцыі фэрмэраў Міхаіл Байда:

(Байда: ) “Аграбанк” патлумачыў, што ім далі каманду ўсе грошы накіраваць “Гомсельмашу”. Крэдытаў фэрмэрам на набыцьцё трактараў у лізынг пакуль няма”.

Прычыну няроўнага стаўленьня ўладаў да разьвіцьця альтэрнатыўнага калгасам земляробства фэрмэр Савелі Балаболаў зь вёскі Васільеўка бачыць у наступным:

(Балаболаў: ) “Мы створаныя толькі для АБСЭ. Фактычна мы знаходзімся ў загнаньні. Неафіцыйна нас хочуць задушыць. Я так мяркую”.
XS
SM
MD
LG