У часе мітынгу, які прайшоў сёньня апоўдні на плошчы Леніна, ягоныя арганізатары – прадстаўнікі Партыі камуністаў Беларускай – гаварылі не пра былыя камуністычныя дасягненьні, а пра цяперашнія праблемы. Прамоўцы адзначалі, што кіраўніцтва краіны недастаткова клапоціцца пра простага чалавека.
Прысутныя на мітынгу віцябляне – іх было каля сотні – воплескамі падтрымалі заклік “Жыве Беларусь!”, якім завяршыў сваю прамову сябар Беларускай сацыял-дэмакратычнае партыі “Народная грамада” Сяргей Васенка.
Адразу па сканчэньні гэтага мітынгу, арганізаванага камуністамі-“калякінцамі” з удзелам “Народнае грамады”, у сквэры каля плошчы Леніна распачаўся наступны мітынг, падрыхтаваны сябрамі прадпрымальніцкага прафсаюзу “Пэрспэктыва”. У адрозьненьне ад папярэдніх выступоўцаў, прадпрымальнікі ўжо не выказвалі крыўдаў да дзяржавы, якая мала бароніць іхныя інтарэсы. Яны патрабавалі, каб дзяржава не замінала ім працаваць. Гаворыць старшыня віцебскае суполкі прафсаюзу “Пэрспэктыва” Барыс Элькін:
(Элькін: ) “Мы лічым, што сёньняшні ўрад праводзіць палітыку акупацыйных уладаў – яны ўжо давялі нас да галечы, і цяпер хочуць проста паставіць на калені. Мы нібыта праводзім сёньня “эканамічную” акцыю, з эканамічнымі лёзунгамі, але ўсе добра разумеем – гэта ўжо палітыка”.
У Воршы адбылася адзіная першамайская імпрэза – пікет, арганізаваны Свабодным прафсаюзам. У часе гэтага пікету прафсаюзнае кіраўніцтва ўручыла адмысловыя ганаровыя граматы самым актыўным сябрам, у тым ліку прадстаўнікам акцыянэрнага таварыства “Орша”, дзе нядаўна прайшлі шматдзённыя страйкі.
А самая сьвяточная імпрэза прайшла сёньня ў Барані. Там аб’яднаная калёна прадстаўнікоў Свабоднага прафсаюзу, КПБ ды “Народнае Грамады” прайшла па цэнтральнай вуліцы пад музыку адмыслова замоўленага аркестру, зь бел-чырвона-белымі ды прафсаюзнымі сьцягамі. Урачыстае шэсьце было несанкцыянаванае, але затрыманьняў не было.