Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІЛІЦЫЯ НЕ ДАЗВОЛІЛА ПАЎЛУ КРУШКІНУ ПАЧАЦЬ ПУБЛІЧНУЮ ГАЛАДОЎКУ НА ПЛОШЧЫ ЛЕНІНА Ў МАГІЛЁВЕ


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

Павал Крушкін вырашыў пайсьці на галадоўку, каб прыцягнуць увагу грамадзкасьці й праваахоўчых органаў да сваёй асабістай справы. Ён абвінавачвае канкрэтнага чалавека ў махлярстве і рабаваньні ягонай сям’і, аднак, паводле словаў селяніна, сьледчыя органы, пракуратура і суд адмаўляюцца завесьці крымінальную справу і давесьці яе да судовага разгляду.

(Крушкін: ) “Усе тыя мытарствы, якія мы з жонкай цярпелі год, калі хадзілі ў інстанцыі, сьледчыя органы, пракуратуру і суд, не далі плёну”.

Павал Крушкін загадзя абвесьціў пра галадоўку мясцовым сродкам масавай інфармацыі й прасіў дазволу на акцыю ў гарадзкой улады. Аднак дазвол атрыманы ня быў. Тым ня менш, ён вырашыў пачаць галадоўку і на плошчы Леніна распавёў журналістам сваю гісторыю і абвесьціў патрабаваньне — завесьці крымінальную справу на свайго крыўдзіцеля. Ён абвінаваціў праваахоўчыя органы ў бязьдзеяньні.

(Крушкін: ) “Ня толькі ў бязьдзеяньні, але і ў патураньні беззаконьню”.

Пасьля гэтага Павал Крушкін пачаў пісаць на шпалеры слова “галадоўка”, аднак дапісаць не пасьпеў. Яго затрымалі міліцыянты на той падставе, што ён ня мае дазволу на акцыю, тым больш на плошчы Леніна — у месцы, якое, як сказаў міліцэйскі начальнік, “зьяўляецца сьвятыняй”.

Павал меркаваў загадзя, што яго могуць затрымаць, аднак заявіў, што будзе галадаваць у пастарунку, пакуль яго не адпусьцяць. Але і ў гэтым выпадку ён разьлічвае на ўвагу грамадзкасьці да сваёй акцыі і лічыць, што гэта яму дапаможа.

(Крушкін: ) “Падобная акцыя зьяўляецца скрайнім выяўленьнем пратэсту чалавека супраць — можа, гэта будзе сказана залішне высакамоўна — парушэньня яго правоў, правоў чалавека”.

Павал Крушкін паведаміў журналістам, што калі магілёўскія ўлады не дадуць яму магчымасьці выказаць свой пратэст публічна і ня выканаюць ягонага патрабаваньня, то ён мае намер перанесьці сваю галадоўку ў Менск.
XS
SM
MD
LG