Месца для помніка выдзеленае блізу сярэдняй школы №2 у парку імя 50-годзьдзя Кастрычніка. Тут жа стаіць і помнік Леніну, які рукой паказвае шлях ад начной крамы да мясцовых могілак. Улады абяцаюць зьнесьці гэты помнік, але афіцыйнага рашэньня аб гэтым пакуль што не было. Як стала вядома, мясцовыя камуністы ўжо выказалі пратэст супраць гэткага рашэньня. Ды і парк карыстаецца нядобрай славай сярод жыхароў горада. Каардынатар Асіповіцкага інфармацыйнага цэнтру Ігар Сімбірол лічыць, што пасьля ўзьвядзеньня помніка тут будуць адбывацца пастаянныя акты вандалізму. Жыхары Асіповічаў таксама кажуць, што ў гэтым месцы ўвечары адпачывае неабыякавая да моцных напояў моладзь, а днём там заўжды можна пабачыць аматараў таннага віна.
Надзея ініцыятараў стварэньня помніка на фінансавую дапамогу з боку райвыканкаму і іншых дзяржаўных установаў ня спраўдзілася. 60 жыхароў раёну, якія ўваходзяць у склад асіповіцкай філіі асацыяцыі, сёньня спадзяюцца толькі на дабрачынныя ахвяраваньні. Яны ужо распачалі збор сродкаў на ўзьвядзеньне першага помніка.
Як адзначыла старшыня асіповіцкай раённай філіі Асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў Ніна Барысевіч, якім будзе помнік і калі яго ўсталююць, залежыць ад памераў ахвяраваньняў. А пакуль што сябры аб’яднаньня спадзяюцца сабраць сродкі на памятную шыльду, дзе ўзгадаюць паўтары тысячы ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў у Асіповіцкім раёне.