Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ГОМЕЛІ СТВОРАНЫ ЭЎРАРЭГІЁН “ДНЯПРО”

Казімер Яноўскі, Гомель

Эўрарэгіён “Дняпро” — чацьвертая ў Беларусі падобная структура. На захадзе краіна стала сузаснавальніцай эўрарэгіёнаў “Буг”, “Нёман”, на поўначы, у Віцебскай вобласці — “Азёрны край”. Новастворанаму рэгіёну “Дняпро” трэба прайсьці яшчэ рэгістрацыю ў эўрапейскіх структурах.

Старшыня Гомельскага аблвыканкаму Аляксандар Якабсон заяўляў, што ў беларуска-расейска-ўкраінскім памежжы эўрарэгіён існуе даўно:

(Якабсон: ) “Сёньня па сутнасьці афармляюцца юрыдычныя дакумэнты эўрарэгіёну, а дэ-факта ён ужо даўно існуе”.

Тым ня менш, кіраўнік Чарнігаўскай дзяжаўнай адміністрацыі Ўкраіны Валянцін Мельнічук мяркуе, што цяпер кожны вынаходзіць свой ровар. Чарнігаў купляе сельгастэхніку ў Нямеччыне, Францыі, хаця побач ёсьць машыны “Гомсельмашу”. Гамельчукі шукаюць тканіну па ўсім сьвеце, не зважаючы на тонкасуконны камбінат у Чарнігаве.

(Мельнічук: ) “Вырашыць на ўзроўні дзяржаваў тавараабменныя апэрацыі не як бартэр, а як пэўны аб’ём гандлю, які не падрывае дзяржаўных асноваў. Усталяваць, скажам, памежны гандаль у памеры 10 мільёнаў даляраў. Расея з Украінай гандлюе, Расея зь Беларусяй гандлюе. Менавіта ў гэтых рэгіёнах”.

Наагул эўрарэгіён ствараецца, каб ажыцьцяўляць канкрэтныя праекты ў галіне бізнэсу, экалёгіі, пераадоленьня наступстваў Чарнобыльскай катастрофы і мець на гэта фінансавую падтрымку спэцыяльных фондаў эўрапейскіх структураў. Аднак гэта ўсё-такі аднабокі погляд на задачы эўрарэгіёну. Распавядае амбасадар Украіны ў Беларусі Анатоль Дронь:

(Дронь: ) “Стварэнне эўрарэгіёну — гэта магчымасьць далучыцца да аналягічнай працы, якая вядзецца ўжо ў Эўропе. Там ёсьць 150 эўрарэгіёнаў. Яны і кантралююцца, і спансаруюцца эўрапейскімі структурамі. Эўропа зацікаўленая, каб вырашаючы праблемы канкрэтнага рэгіёну, вырашаліся і праблемы агульныя — экалягічныя, транспартныя, гуманітарныя. Гэта якраз і будзе шляхам да Эўропы”.
XS
SM
MD
LG