Абодва небясьпечныя аб'екты, атрымаўшыя назвы "Заходнi" i "802", месьцяцца зусiм побач зь Берасьцейскай крэпасьцю i гарадзкiм водазаборам. Усе зьвесткi пра гэтыя аб'екты доўгi час былi засакрэчаныя. Але на пачатку 1990-х гадоў эколягi зафiксавалi прысутнасьць радыяцыйных рэчываў у грунтовых водах. Каб радыяцыя ня трапiла ў водазабор, улады тэрмiнова прынялi рашэньне пра вываз забруджанай зямлi i дэзактывацыю тэрыторыi. Зробленыя тут замеры засьведчылi, што на некаторых участках узровень радыяцыйнага выпраменьваньня амаль у сто разоў перавышае дапушчальныя нормы.
Паводле распрацаванага пляну, забруджаны радыяцыяй грунт павiнен захоўвацца на адмысловым могiльнiку. Ягонае будаўнiцтва распачалi ў Маларыцкiм раёне яшчэ ў 2001 годзе i пасьпелi выкарыстаць на гэтыя мэты больш за два мiльярды рублёў. Але цяпер будаўнiцтва могiльнiка фактычна cпыненае, i ў хуткiм часе гэта можа прывесьцi да разбурэньня будоўлi. Гаворыць галоўны iнжынэр Берасьцейскага гарадзкога ўпраўленьня капiтальнага будаўнiцтва Аляксандар Аляксеяў:
(Аляксеяў:) "У мiнулым годзе мы там не працавалi, а вецер, сонца i вада сваю справу робяць. Ужо пайшоў апоўзень. I калi гэтую працу не працягваць, дык праз год гэтага могiльнiка ня будзе. Прырода сама яго хутка падправiць".
Спадар Аляксяеў гаворыць, што на будаўнiцтва могiльнiка з бюджэту выдаткаваная пакуль трэцяя частка заплянаваных грашовых сродкаў. Але зараз iснуе вялiкая верагоднасьць таго, што сам праект захаваньня забруджанай радыяцыяй зямлi будзе перагледжаны. Урадавая камiсiя, якая гэтымi днямi наведала Берасьце, прапануе скарацiць выдаткi на будаўнiцтва могiльнiка. Чыноўнiкi сьцвярджаюць, што калi праэкт будзе танным, гэта дазволiць хутчэй закончыць будаўнiцтва, што нiбыта не паўплывае на радыяцыйны фон вакол могiльнiка. Cупрацоўнiца Мiнiстэрства надзвычайных сытуацыяў Ларыса Разьдзялоўская нават кажа, што могiльнiк з радыяцыйным грунтам будзе больш бясьпечны для жыхароў суседнiх вёсак, чым разьмешчаны побач гарадзкi сьметнiк.
Пакуль жа забруджаны ўранавай рудой грунт па-ранейшаму знаходзiцца ў межах Берасьця. Тэрыторыя гэтая не ахоўваецца i абнесеная звычайнай драўлянай агароджай.