Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КРЫЧАЎСКІЯ ЎЛАДЫ ВЫВЕЛІ З АПАРАТАЎ МЯСЦОВЫХ САВЕТАЎ ЭКАНАМІСТАЎ, БУХГАЛЬТАРАЎ І ЗЕМЛЕЎПАРАДЧЫКАЎ


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў

З апаратаў мясцовых саветаў вывелі эканамістаў, бухгальтараў і землеўпарадчыкаў. Гэткае рашэньне асабліва хваравіта закранула вяскоўцаў, якія маюць моцную патрэбу ў эканамістах і землеўпарадчыках. Улады спасылаюцца на патрабаваньне кіраўніка дзяржавы, паводле якога яны мусяць скараціць штат мясцовых саветаў. Старшыня Крычаўскага райвыканкаму Васіль Барысаў заявіў, што ён незадаволены гэткім рашэньнем, але ня можа ісьці супраць прэзыдэнцкай волі. Па камэнтар я звярнууўся да былога дэпутатата мясцовага савету, старшыні абласной філіі фонду імя Лява Сапегі Ўладзімера Шанцава:

(Шанцаў: ) “Я лічу, што пачаўся працэс далейшай цэнтралізацыі ўлады. Як нядаўна заўважыў на вядомым сходзе Лукашэнка, яму ўсё падначаленае, і тут не патрэбныя ні інструктары, ні землеўпарадчыкі, ні адмыслоўцы па зямельных пытаньнях. Ёсць галава, і яна будзе кіраваць усім”.

Адгэтуль фінансаваньне райсавету будзе поўнасьцю залежыць ад выканаўчай улады. Стаўленьне дэпутатаў Крычаўскага райсавету да такіх захадаў адмоўнае. Аднак ніводны зь іх не пажадаў пракамэнтаваць гэткую сытуацыю, хоць яны разумеюць, што размова ідзе пра ліквідацыю рэшткаў мясцовага самакіраваньня.

Супрацоўнікі абласнога савету заявілі, што ў бальшыні мясцовых саветаў штатны расклад застаўся нязьменным. Аднак адмыслоўцы з фонду імя Лява Сапегі ўпэўненыя, што рэаргананізацыя Крычаўскага райсавету ёсьць толькі першым крокам на шляху ліквідацыі рэшткаў мясцовага самакіраваньня. Паводле іхнага меркаваньня, такі ж лёс напаткае і іншыя мясцовыя саветы.
XS
SM
MD
LG