Паводле рашэньня судзьдзі Сьвятланы Туфан, віцебскаму сябру АГП Аляксею Ніканораву за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, што прайшла на Прывакзальнай плошчы ў Віцебску 25 сакавіка, прысуджаны грашовы штраф у суме 20 базавых адзінак. На сёньняшні дзень гэта 266 тысячаў беларускіх рублёў.
Спадар Ніканораў, які атрымлівае ўсяго 120 тысячаў заробку ды мае двух няпоўнагадовых дзяцей, тлумачыць гэткае рашэньне хіба тым, што ў часе судовага разьбіральніцтва ён паспрачаўся з судзьдзёй наконт беларускай сымболікі. У прыватнасьці, яму давялося патлумачыць, што бел-чырвона-белы сьцяг, які ў яго адабралі ў часе затрыманьня, ёсьць гістарычным нацыянальным сымбалем, а не нейкім “бээнэфаўскім” атрыбутам, як было запісана ў пратаколе.
Такім чынам, Аляксей Ніканораў пакуль ёсьць адзіным з васьмі пікетоўцаў, хто атрымаў грашовае спагнаньне. Яшчэ двое ўдзельнікаў пікету, Іна Сяткоўская ды Сяргей Фахрутдзінаў, атрымалі судовыя папярэджаньні.