Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЫДАЎЦА “НОВОЙ ГАЗЕТЫ СМОРГОНИ” АБВІНАВАЧВАЮЦЬ У НЕЗАКОННАЙ ПРАДПРЫМАЛЬНІЦКАЙ ДЗЕЙНАСЬЦІ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

(Сьліж: ) “Была дадзена каманда падатковай інспэкцыі спраўдзіць маю дзейнасьць. Падатковая нічога не знайшла. Але ўсё адно была дадзена каманда скласьці пратакол”.

Маўляў, Мікалай Сьліж займаецца незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьцю. Аднак суд не знайшоў зь ягонага боку парушэньняў. Тады свой пратэст у суд накіраваў пракурор раёну Маліноўскі.

Мікалай Сьліж кіруе фэрмэрскай гаспадаркай “Колас”. Паводле статуту, ён меў права займацца выдавецкай дзейнасьцю. Ён канкрэтызаваў: “выдаваць газэту” і падаў заяву для рэгістрацыі зьменаў у райвыканкам, аднак улады яму адмовілі.

Нагадаю, што “Новую газету Смаргони” выдаваў ейны заснавальнік Рамуальд Улан. Улады дамагліся, каб яму забаранілі займацца прадпрымальніцкай дзейнасьцю. Тады ён мусіў знайсьці новага выдаўца.

Але праблемы з выданьнем газэты на гэтым не закончыліся. Пошта і “Белсаюздрук” яе не бяруць, а распаўсюднікаў запалохвае міліцыя. Паводле Рамуальда Ўлана, вулічныя прадаўцы сталі браць менш газэт, бо баяцца міліцыянтаў. Таму з наступнага нумару наклад вырашылі зьменшыць на 800 паасобнікаў.

У пятніцу ў канцы дня стане вядомае рашэньне суду: ці законна выпускае незалежную газэту Мікалай Сьліж. Ад гэтага будзе залежаць далейшы лёс выданьня.
XS
SM
MD
LG