На сёньняшні дзень судзьдзя Чыгуначнага раённага суду Сьвятлана Туфан абвясьціла вырак толькі адной удзельніцы пікету, які прайшоў у Віцебску на Прывакзальнай плошчы 25 сакавіка: Вольга Саўчанка была прызнаная вінаватай ў правядзеньні несанкцыянаванай акцыі ды атрымала судовае папярэджаньне. Яна далучылася да шэрагаў АГП колькі месяцаў таму ды ўпершыню ўзяла ўдзел у падобнай акцыі.
Нагадаем, што пікет, які праходзіў пад лёзунгам “Беларусь вартая лепшай долі!”, доўжыўся ўсяго адну гадзіну ды быў перапынены міліцэйскім патрулём. Васьмёра пікетоўцаў былі тады затрыманыя, зь іхнага ліку Вольга Саўчанка ды Аляксей Ніканораў ужо выклікаліся ў суд. Спадар Ніканораў даведаецца вырак заўтра, а астатнія ўдзельнікі пікету чакаюць судоў ды выракаў найбліжэйшымі днямі.