Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Самагубствы ў Беларусі


Аляксандар Уліцёнак, Менск

Адказвае кандыдат мэдычных навук псыхіятар Яўген Ласы:

(Ласы: ) “У Беларусі ўзровень суіцыдаў, пачынаючы з 1996 году, вагаецца каля лічбы 35,3 (зь невялікімі зьмяненьнямі) на 100 тысяч чалавек у год. Ён плаўна рос, пачынаючы з 1985 году, з 23-х на 100 тысяч да 35 ў 1996 годзе. А прыкладна з тае пары ўсталёўваецца нейкае статыстычнае плата, калі ўзровень суіцыдаў застаецца прыкладна каля гэтай лічбы. У 2001-м — каля 33 на 100 тысяч насельніцтва. Летась прыблізна тое ж. У абсалютных лічбах гэта значыць, што прыблізна 3500–3600 чалавек штогоду пакідаюць жыцьцё праз самагубства”.

Кепская лічба: па мэтадалёгіі Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя да краінаў з высокай ступеняй суіцыднасьці адносяцца тыя, дзе крытычны паказчык складае 20 чалавек на 100 тысяч насельніцтва. Беларусь, такім чынам, сярод лідэраў па суіцыдах. Яна амаль дагнала Вугоршчыну, што доўгія гады ўтрымлівала сумнеўнае сусьветнае першынство. Апошнім часам Будапэшт саступў яго Эстоніі (38), Літве і Латвіі (42 чалавекі на 100 тысяч) і Расеі. Там жахлівая нават афіцыйная лічба — 60 сьмяротнікаў-добраахвотнікаў... Большы, а значыць і горшы паказчык хіба толькі ў Шры Ланцы.

Але паслухаем далей спадара Ласага:

(Ласы: ) “У Беларусі суіцыды на чацьвертым месцы па сьмерці пасьля сардэчна-сасудзістых захворваньняў, анкалёгіі і захворваньняў органаў дыханьня. Што цікава, сьмяротнасьць ад забойстваў значна ніжэйшая, чым сьмяротнасьць ад самазабойстваў. Парог аўтаагрэсіі заўсёды ніжэйшы за парог брутальнай агрэсіі, праяўленай іншым чалавекам”.

Нягледзячы на пагрозьлівую статыстыку, у краіне практычна ня створаная сыстэма прафіляктыкі магчымых суіцыдаў. А ў Амэрыцы, напрыклад, дзе гэтая праблема менш вострая, актыўна дзейнічае Асацыяцыя суіцыдолягаў. Высілкі ж беларускіх дасьледчыкаў, мэдыкаў, псыхіятраў разрозьненыя. Да таго ж яны не папулярызуюцца. Таму так па-рознаму, бяз прэтэнзіяў на глыбіню, навуковасьць трактуюць сытуацыю нават дактары, чыё меркаваньне шмат значыць для людзей у глыбінцы. Вось што гаворыць, напрыклад, пэдыятар асіповіцкай паліклінікі Тацяна Барэль:

(Барэль: ) “Статыстыка сьмяротнасьці ў Асіповіцкім раёне сьведчыць, што на другім месцы графа “іншыя”. У гэтую графу “іншыя” ўваходзіць і колькасьць людзей, якія скончылі жыцьцё самагубствам. Сярод прычынаў, якія вядуць да такога фіналу чалавека, наступныя: эканамічныя, псыхалягічныя і палітычныя. Узяць сельскую гаспадарку: у нас заробкі ў калгасах і саўгасах — 17–20 тысяч. За такі заробак чалавек пражыць ня можа. Мы ведаем, якія ў нас цэны і які кошт жыцьця. Кінуць калгас чалавек таксама ня можа. Ня зможа калгасьнік і заняцца ў нас фэрмэрствам. Таму што пры такой зарплаце ён ня можа стартавы капітал ашчадзіць. Што яму застаецца — піць, а то і ў пятлю”.

Між тым, сур’ёзныя дасьледчыкі кажуць: узровень суіцыднасьці нельга зьвязваць наўпрост з эканомікай і палітыкай. Сьведчаньне таму — вопыт шэрагу краінаў з высокім узроўнем жыцьця, дэмакратычных стандартаў грамадзянскай супольнасьці. Сярод такіх дзяржаваў і Злучаныя Штаты, пра якія ўжо ішла размова, і, напрыклад, больш блізкая да беларускіх умоваў Чэхія.

Ды што замежжа, калі сытуацыя выглядае кантрастава нават на ўзроўні асобных абласьцей унутры краіны. Згодна зь лёгікай спадарыні Барэль і іншых, найгорш павінна быць у “чарнобыльскіх” Гомельшчыне ды Магілёўшчыне. Аднак менавіта яны замыкаюць зводку рэгіянальнай суіцыднасьці, ачольвае якую чыстая ад радыяцыі Віцебшчына.

Атрымліваецца, прычыны іншыя. Якія? Зноў даем слова псыхіятру спадару Ласаму:

(Ласы: ) “А якая тады прычына? У наш час лічаць за лепшае казаць не аб прычынах, а фактарах рызыкі. Кажучы пра асноўныя зь іх, трэба адразу нагадаць, што суіцыдальныя паводзіны звычайна зьвязаныя з тым або іншым псыхічным разладам. Але тут важна адзначыць, што гэты тэрмін у прафэсіяналаў і людзей недасьведчаных успрымаецца па-рознаму. Напрыклад, наркаманія і алькагалізм, іншыя залежнасьці ад псыхаактыўных рэчываў таксама зьяўляюцца псыхічным адхіленьнем.

Але ў масавай сьвядомасьці залежнасьць ад алькаголю не ўспрымаецца гэтак драматычна, як шызафрэнія. Хворага на яе баяцца, гэтага чалавека ў першую чаргу могуць абвінаваціць у нейкай агрэсіі альбо прыпісаць яму тую ж суіцыдальнасьць... На самай справе асноўнай яе прычынай зьяўляецца ў першую чаргу залежнасьць ад шэрагу фактараў, дзе алькагалізм адыгрывае зусім не апошнюю ролю.

Пра што апасродкавана кажуць наступныя зьвесткі: летась прыкладна ў 60% беларусаў-самазабойцаў пры паталягаанатамічным аналізе выяўлены алькаголь. Так, з аднаго боку ён недзе зьяўляўся трыгерам, правакатарам самога суіцыднага акту, але ўскосна гэта гаворыць пра залежнасьць ад алькаголю, злоўжываньне ім...”

Гэтай жа думкі прытрымліваецца і Мікалай Траянаў, старшыня самага вялікага на Магілёўшчыне Цішоўскага сельсавету:

(Траянаў: ) “Выпадае так, што кожны год чатыры або пяць чалавек пакідаюць жыцьцё добраахвотна. І маладыя, і старыя”.

(Карэспандэнт: ) “А маладыя — гэта колькі гадоў?”

(Траянаў: ) “Маладыя — дзесьці 45–50 гадоў”.

(Карэспандэнт: ) “А прычыны якія?”

(Траянаў: ) “Прычыны? Я аналізаваў гэта, распытваў людзей: як, што? У першую чаргу мы ваюем з п’янствам і алькагалізмам, але не прызнаем гэта за хваробу. І ня лечым ад гэтай хваробы само грамадзтва, гэта першае”.

Ну, а другой прычынай спэцыялісты паставілі дэпрэсію. Суіцыд — ейны сымптом. Што можна аднесьці да такога стану? У агульным разуменьні тут проста сытуацыйны, часовы момант: няма настрою, нешта ня так, але, маўляў, пройдзе, з кім не бывае…

Аднак праходзіць не заўсёды і не ва ўсіх, бо дэпрэсія — таксама псыхічны разлад, прычым распаўсюджаны. Звычайна гэты стан увогуле не дыягнастуецца. З аднаго боку, многія ня лічаць неабходным зьвяртацца з такімі скаргамі, а з другога — у грамадзтве існуе нэгатыўнае ўспрыняцьце дэпрэсіі: менш працаздольнасьці, больш стамляльнасьці й гэтак далей. Таму часта людзі спрабуюць хаваць гэткі свой стан, каб застацца сацыяльна адаптаванымі. Сытуацыю ўскладняе тое, што вельмі часта дэпрэсія спалучаецца зь іншымі псыхічнымі адхіленьнямі й найперш з алькаголем. Алькагалізм і дэпрэсія — блізьняты-браты, якія ходзяць разам.

І зноў слова спадару Ласаму:

(Ласы: ) “Акрамя фактараў рызыкі, зьвязаных з псыхічнай паталёгіяй, існуе шмат іншых. Напрыклад, фактары сацыяльнага пляну. Узяць хоць бы тое ж адзіноцтва ў любой ягонай праяве — у жыцьці, у эмацыйным пляне, у няўменьні наладзіць кантакты зь іншымі людзьмі…

Далей — крызысы, якія так часта становяцца спускавымі куркамі, што адкрываюць шлях да суіцыду. Як правіла, трыгер — гэта заўсёды чалавечыя дачыненьні: развод, кафлікт на працы, сьмерць блізкага, няўдачы каханьня, цяжкія хваробы... Ды колькі ў чалавечым жыцьці крызысных сытуацыяў? Лецішча згарэла, толькі купіў і разьбіў машыну — такіх прыкладаў безьліч. А як многіх такое падштурхоўвае калі не да трагічнага кроку, дык упартых думак пра яго? Гэта — базавыя рэчы ў размове пра суіцыд”.

Вось прыклад крызысу з назіраньняў старшыні Цішоўскага сельсавету спадара Траянава:

(Траянаў: ) “Ад’яжджаюць працаваць у Маскву, у Пецярбург... Там іх “кідаюць” — ёсьць такія выпадкі, што адпрацаваў чалавек, а назад прыяжджае ні з чым. Я знаю двух хлопцаў, якія з-за таго і скончылі самагубствам...”

Кажучы пра адметнасьці беларускай суіцыдальнасьці, заўважым: калі ў сьвеце ў цэлым да самагубстваў схільная моладзь да 25 гадоў, дык узроставы парог сярод тутэйшых мужчын-самазабойцаў часьцей перасягае паўстагодзьдзя, а жанчын — увогуле за 70 гадоў. На чвэрць вышэй ад сусьветнай статыстыкі ў Беларусі робяць сабе сьмерць менавіта мужчыны.

З чым гэта зьвязана? Тут магчымы не адназначны адказ, а хіба нейкія гіпотэзы, здагадкі. Так, сярод моцнага полу часьцей сустракаюцца адзінокія — у прыватнасьці, пасьля разводу дзяцей звычайна пакідаюць у маці. І часта тое адзіноцтва спалучаецца з залежнасьцю ад псыхаактыўных рэчываў, у тым ліку і алькаголю. Гэта дастаткова павярхоўная тэорыя. А на нейкім глыбейшым узроўні можна казаць, што ў жанчын больш, так бы мовіць, “пратэктараў” — па-навуковаму кажучы, сацыяльных, маральных і біялягічных фактараў, якія абараняюць яе ад суіцыду.

Аднак узровень суіцыдальных спробаў у жанчын вышэйшы. Таму што тут, як правіла, стаіць ня толькі ідэя сьмерці, сыходу з жыцьця, але ёсьць яшчэ і часам зусім непрыхаваная спроба ўзьдзейнічаць на знаёмых, блізкіх. Часта прычына такой драмы — пратэст, помста, спроба зьмяніць нейкія адносіны, напрыклад у сям’і, вярнуць каханага, прыцягнуць увагу да таго, што табе дрэнна... Дык вось, меркаваньне на ўзроўні гіпотэзы, нават крыху спэкулятыўнай, — жанчына выкарыстоўвае нават такі экстрэмальны варыянт з падсьвядомым спадзяваньнем на ўдалы яго зыход. І вельмі часта гэта спраўджваецца.

Паслухаем споведзь Марыны з Мазыру:

(Марына: ) “Мы пражылі з Сашам амаль тры гады разам. І здаецца, усё было добра... Але настаў такі пэрыяд, калі пачалі часта сварыцца, узьнікалі нейкія спрэчкі, і аднойчы ён сказаў: нам трэба разысьціся — няма ніякага сэнсу больш жыць разам. Для мяне гэта была шокавая сытуацыя, я не разумела, што рабіць. Засталася адна ў кватэры. Ён кудысьці пайшоў, нічога не сказаў... У гэты момант проста не хацелася жыць. Узгадала, што ў аптэчцы застаўся кляфэлін, яшчэ ад бабулі. Я ведала — гэтыя таблеткі зьніжаюць ціск, з дапамогай іх можна лёгка заснуць і ўжо ніколі не прачынацца, нічога ня ведаць, нічога ня бачыць.

Знайшла гэтыя таблеткі, іх было дваццаць ці трыццаць штук, амаль усе выпіла. І якраз у гэты момант вярнуўся Саша. Сілком уліў у мяне амаль тры літры вады, загнаў у прыбіральню і не выпускаў адтуль. Я была там, пакуль усё зь мяне ня выйшла. І цяпер... цяпер мы жывем асобна. Толькі празь некаторы час зразумела, што, калі б ён не прыйшоў, не вярнуўся, то я магла б памерці... Мне проста страшна ўявіць, што здарылася б з маім татам, маці, каб яны даведаліся пра гэта. І ўвогуле, вельмі жудасна, што мяне магло б ня быць”.

Апошняе па часе аўтарытэтнае прызнаньне ў магчымым граху самагубства належыць 65-гадоваму Алену Дэлёну. Ён думаў пра суіцыд, калі падала на развод прыгажуня-жонка Разалія, былая “міс Галяндыя”. Ад непапраўнага кроку славутага актора ўратавалі думкі пра двух ягоных малых.

Аднак ня ўсіх спыняе бацькоўская любоў. Гаворыць спадар Траянаў:

(Траянаў: ) “Большасьць маладых людзей, якія пакінулі жыцьцё добраахвотна, у іх засталіся па двое дзяцей у кожнай сям’і”.

Такія людзі не ўсьведамляюць, што самазабойства альбо ягоная спроба — ня толькі праблема таго, хто адважыўся на крытычны крок. Гэта магутна ўплывае і на навакольных, бо варта яшчэ раз падкрэсьліць: суіцыд — заўсёды чалавечыя адносіны. Тыя, хто застаюцца пасьля сьмерці блізкага чалавека, перажываюць найцяжэйшае гора. Вельмі абвастраецца, у прыватнасьці, пачуцьцё віны: ня выратавалі, не прадугледзелі, я ж бачыў, ды ні паварухнуўся, ён скардзіўся, а думаў — жартуе, запалохвае…

Пасьля жудаснага здарэньня ў жывых пачынаюцца сур’ёзныя псыхічныя праблемы... Таму, у прыватнасьці, здаўна так нэгатыўна ставіцца да самазабойцаў царква.

(Карэспандэнт: ) “Згодна з рэлігійнымі канонамі і народнымі традыцыямі тых, хто сам зьвёў рахункі з жыцьцём, раней хавалі на ўскрайку могілак ці асобна. Спадар Траянаў, цяпер гэтага няма, бо самагубстваў зашмат?”

(Траянаў: ) “Гэта не выконваецца і ня будзе выконвацца. Людзі прывыклі, і вось гэта...”

(Карэспандэнт: ) “...самае страшнае?”

(Траянаў: ) “Так... Прывычка: ну, памёр, а што? Пагавораць дзень-два — ну быў такі, і быў... Калі раней адгалосак ішоў рэхам вялікім, і праз гады ўспаміналі гэта, то цяпер...”

Сапраўды, такое ёсьць. Але гэта нельга цярпець. Вядомы сёньня мастак Алесь Пушкін зь дзясятак гадоў таму пад ціскам абставінаў хацеў разьвітацца з жыцьцём. Ад самаспаленьня выратаваў ліст сябра, больш дакладна — сапраўдны гуманістычны трактат са сшытак, дзе той пераконваў: не рабі непапраўнага, ты яшчэ знойдзеш сябе, спатрэбісься дзеля высокай мэты, спатрэбісься і родным, і Беларусі... Сказана было высока, але як шмат з таго спраўдзілася!

Так што трэба цаніць жыцьцё і мець мужнасьць жыць сёньня. Бо некалі памерці ўсё адно давядзецца...
XS
SM
MD
LG