Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗЬНЯТЫ З ПАСАДЫ СТАРШЫНЯ ДРАГІЧЫНСКАГА РАЙВЫКАНКАМУ СЯРГЕЙ МАМАЦЮК


Алег Супрунюк, Берасьцейская вобласьць

У Берасьцейскай абласной пракуратуры пацьвердзiлi, што менавiта гэтая ўстанова iнiцыявала адстаўку Сяргея Мамацюка. Пракуратура распачала крымiнальную справу, паводле якой цяпер ужо былы кiраўнiк драгiчынскай вэртыкалi падазраецца ва злоўжываньнях службовымi паўнамоцтвамi. Паводле сьледзтва, спадар Мамацюк прымусiў старшыню аднаго з драгiчынскiх калгасаў набыць па завышанай цане хату свайго сына. У вынiку калгасу нанесеныя страты на 7 мiльёнаў рублёў.

Пакуль у крымiнальнай справе ўзгадваецца толькi гэтая гiсторыя. Мiж тым, ня выключана, што падобных фактаў злоўжываньняў раённага чыноўнiка ў сьледзтва будзе болей. Некалькi гадоў таму супраць Мамацюка ўжо была распачатая крымiнальная справа, якую неўзабаве прыпынiлi. Цяпер у пракуратуры лiчаць неабходным пераправерыць ранейшыя зьвесткi пра дзейнасьць кiраўнiка вэртыкалi.

Сяргей Мамацюк кiраваў Драгiчынскiм райвыканкамам з 1995 году. За гэты час iстотна пагоршылiся ўсе асноўныя паказчыкi эканамiчнага разьвiцьця раёну — нават у параўнаньнi зь iншымi рэгiёнамi Берасьцейшчыны. Абласная пракуратура i КГБ падрыхтавалi адмысловую справаздачу пра сытуацыю ў Драгiчынскiм раёне. Паводле неафiцыйных зьвестак, справаздача ўтрымлiвае шматлiкiя факты злоўжываньняў кiраўнiкамi раёну i скаргi мясцовых жыхароў на дзеяньнi вэртыкалi.

Некаторымi з гэтых фактаў апошнiм часам зацiкавiлiся ў пракуратуры Беларусi. Мяркуецца, што гэта i прымусiла берасьцейскiя абласныя ўлады адхiлiць Сяргея Мамацюка ад пасады. Пакуль афiцыйнае абвiнавачаньне яму не прад’яўленае, але ў пракуратуры зьбiраюцца зрабiць гэта цягам наступных тыдняў.
XS
SM
MD
LG