Гэтай вясной гомельскія прадпрымальнікі ня толькі падтрымлівалі агульнанацыянальныя акцыі пратэсту супраць зьбядненьня людзей, але і двойчы пікетавалі будынак аблвыканкаму, патрабуючы зьніжэньня ставак адзінага падатку. Апошні раз пікетоўцы дамагліся сустрэчы са старшынём аблсавету Валерам Сяліцкім і запатрабавалі тэрміновага скліканьня сэсіі, каб яна зьнізіла падвышаныя ў лютым на 27–75% стаўкі адзінага падатку.
Спадар Сяліцкі на словах пагадзіўся на перагляд лютаўскага рашэньня. Аднак учора ён заявіў старшыні свабоднага прафсаюзу прадпрымальнікаў Тацяне Марчанцы, што сэсія аблсавету зьбярэцца не раней за канец траўня.
Паводле старшыні, прэзыдыюм аблсавету, які разглядаў прэтэнзіі прадпрымальнікаў, рэкамэндуе дэпутатам адмяніць толькі ўведзеную падвышаную плату за прэстыжнасьць гандлю на Цэнтральным рынку і зьнізіць стаўкі на рэалізацыю посуду, шкарпэтак ды некаторых іншых дробных тавараў. Аднак гэта закране ня больш за 5% прадпрымальнікаў.
Таму многія рыначныя гандляры абласнога цэнтру ды іншых гарадоў сталі працаваць на рынку толькі траціну месяца, пераважна ў суботу і нядзелю. Чаму — тлумачыць старшыня свабоднага прафсаюзу гомельскіх прадпрымальнікаў спадарыня Марчанка:
(Марчанка: ) “Цяпер многія прадпрымальнікі працуюць толькі 10 дзён на месяц і плацяць усяго палову падаткаў. Найлепшы гандаль усё-такі ў суботу і нядзелю. А вось бюджэт у гэтым выпадку не атрымлівае палову нашых падаткаў”.
Прадпрымальніца Надзея Касарэнка таксама лічыць, што падвышанымі падаткамі ўлады нічога не даб’юцца.
(Касарэнка: ) “Калі мы не заплацім падаткі, то дзяржаве ад гэтага, я лічу, выгады ніякай ня будзе”.
Прадпрымальнікаў асабліва непакоіць той факт, што стаўкі адзінага падатку, прапанаваныя аблвыканкамам і зацьверджаныя сэсіяй аблсавету, зраўняліся са сталічнымі. Яны шмат вышэйшыя, чым у іншых рэгіёнах краіны. І гэта зроблена, нягледзячы на тое, што рэгіён найбольш папярпеў ад Чарнобыльскай катастрофы.