Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АМАЛЬ МІЛЬЯРД РУБЛЁЎ ЗАВІНАВАЦІЛАСЯ ДЗЯРЖАВА ЗА ЗДАДЗЕНАЕ МАЛАКО ВЯСКОЎЦАМ МЕНСКАЙ ВОБЛАСЬЦІ

Міхал Стэльмак, Менская вобласьць

Абласныя ўлады прызналі сытуацыю з разьлікамі за малако крытычнай. Як прагучала на паседжаньні, доўг прыватным гаспадаркам амаль дасягнуў мільярднай адзнакі. У прыватнасьці, з прычыны грашовай завінавачанасьці церпяць вяскоўцы Старадароскага раёну. Вось, напрыклад, што паведаміла на гэты конт Алена Вечарынская зь вёскі Дражня:

(Вечарынская: ) “Летась я здала 5315 літраў малака. У лютым за малако грошы ў нас аддалі дзесьці пры кацы сакавіка. А я б хацела так: каб здала, напрыклад, у сакавіку 300 літраў, хай бы 5–10 красавіка аддалі за сакавік”.

Яе аднавяскоўка Валянціна Кульчыцкая лічыць нараканьні абгрунтаванымі:

(Кульчыцкая: ) “Усе людзі здаюць малако, у тым ліку і рабочыя, каб атрымаць грошы і жыць. Бо ў калгасах жа заробкаў не даюць. І толькі за гэтыя “малочныя” грошы і жывуць”.

Здаваць малако дзяржаве вяскоўцаў агітуюць сельскія саветы. Гаворыць сакратарка выканкаму Сугводзінскага сельсавету Валожынскага раёну Людміла Пятровіч:

(Пятровіч: ) “Ва ўсіх вёсках у нас здаюць малако. Сельсавет пастаянна ў нас займаецца агітацыяй, упаўнаважаныя дапамагаюць, дэпутаты, праходзім па кожным двары. Тлумачым умовы: чым разьлічваюцца, як разьлічваюцца”.

Паводле ўладаў, вінаватыя перад вяскоўцамі перапрацоўчыя прадпрыемствы. Яны нібыта беспадстаўна выкарыстоўваюць грошы насельніцтва дзеля сваёй выгады. Сярод такіх віноўнікаў — Старадароскі масларобны завод. Ягоны дырэктар Рыгор Млынчык лічыць, што перапрацоўшчыкі не разьлічваюцца своечасова з прычыны цяжкай эканамічнай сытуацыі ў гэтай галіне:

(Млынчык: ) “Масла дае вялікія страты. Іншая прадукцыя. Сёньня рынак дыктуе цану па масьле 1,4 даляра, а ў нас сабекошт — 2,5 даляра за 1 кіляграм. І ад гэтага мы церпім страты”.

Каб не было гэтых стратаў, як вынікае з тлумачэньня дырэктара Старадароскага масларобнага заводу, дзяржава мусіць зьмяніць эканамічную палітыку ў аграпрамысловай сфэры. А пакуль ня будзе гэтых зьменаў, страты будуць перакладвацца на плечы вяскоўцаў.
XS
SM
MD
LG