Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КІРАЎНІК ВЭРТЫКАЛІ КРАСНАПОЛЬСКАГА РАЁНУ ПАДАЗРАЕЦЦА Ў КРАДЗЯЖЫ ЧАРНОБЫЛЬСКІХ ГРОШАЙ


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

Крымінальная справа датычыцца крадзяжу сродкаў для аплаты пяці шклопакетаў, якія ўсталяваныя ў доме старшыні Краснапольскага райвыканкаму Сямёна Казлова.

Паводле зьвестак з надзейных крыніцаў, зь мінулага году ў праваахоўчыя органы ішлі скаргі жыхароў Краснапольшчыны аб злоўжываньнях кіраўніка мясцовай вэртыкалі, што і стала падставай для праверак. У прыватнасьці, былы намесьнік старшыні Краснапольскага райвыканкаму ў справах будаўніцтва, якога Сямён Казлоў звольніў, сьцьвярджае, што шклопакеты для дома старшыні райвыканкаму аплачаныя за кошт чарнобыльскіх сродкаў, якія былі выдаткаваныя на рамонт мясцовага шпіталю.

Сёньня на сваёй прэсавай канфэрэнцыі кіраўнік вобласьці Барыс Батура заявіў, што ёсьць у гэтай справе склад крымінальнага злачынства альбо няма — мусяць высьветліць адпаведныя органы. Сам жа Барыс Батура адмыслова езьдзіў у Краснапольле, каб паглядзець на шклопакеты, якія ацэненыя на 5,5 мільёнаў рублёў.

(Батура: ) “Я б за іх даляраў 50 і заплаціў, можа быць. Вось памножце пяць на пяцьдзясят — гэта 250 даляраў. А ён заплаціў 1 мільён 200 — дакладна ня ведаю. Гэта ў матэрыялах справы ёсьць, аднак мільён — гэта дакладна, нават зь лішкам”.

Паводле некаторых зьвестак, пасьля праверак Сямён Казлоў сапраўды заплаціў за шклопакеты некаторую суму. Ён таксама накіраваў у праваахоўчыя органы і органы кіраваньня ліст, у якім аспрэчваў падазрэньні ў свой бок і перакладаў віну на іншых чыноўнікаў. Сямён Казлоў сёньня ў тэлефоннай размове з карэспандэнтам Свабоды заявіў, што ён ня мае дачыненьня да раскраданьня чырнобыльскіх грошай.

Барыс Батура сказаў журналістам, што вэртыкаль ня мае права і ня будзе перашкаджаць расьсьледаваньню.

(Батура: ) “Кожны адказны перад законам. Я проста заклікаю не сьпяшацца вось так характарызаваць людзей, што ён скраў чарнобыльскія сродкі. Дакажа сьледзтва — значыць, ёсьць. Я, прынамсі, гэтаму чалавеку веру”.

Да таго ж Барыс Батура выказаў сваё ўражаньне ад агляду жыльлёвых умоваў Сямёна Казлова:

(Батура: ) “Паверце, што я яму выказваў, што старшыні сорамна жыць у такім доме. Мог бы сам яго хаця б лепш адрамантаваць”.

Між тым, ідзе сьледзтва, і, як заявілі карэспандэнту Свабоды ў Магілёўскай абласной пракуратуры, афіцыйныя вынікі яго будуць вядомыя не раней чым празь месяц. На сёньняшні дзень абвінавачаньне Сямёну Казлову яшчэ не прад’яўленае.
XS
SM
MD
LG