Пратэстанцкая царква “Мiласьць Хрыста” не зарэгiстраваная берасьцейскiмi ўладамi i ня мае магчымасьцi арандаваць памяшканьне для сваiх рэлiгiйных патрэбаў. Таму сябры царквы зьвярнулiся ў гарвыканкам, каб атрымаць дазвол на правядзеньне велiкоднага шэсьця па вулiцы Ленiна.
Мясцовыя ўлады забаранiлi шэсьце, спаслаўшыся на адмысловае рашэньне, якiм прадугледжанае правядзеньне масавых мерапрыемстваў у Берасьцi толькi на стадыёне “Будаўнiк”.
Адначасова сябрам пратэстанцкай суполкi было прапанавана ўзяць удзел у першамайскай дэманстрацыi. Пастар царквы “Мiласьць Хрыста” Яўген Сяргееня так пракамэнтаваў гэтую прапанову:
(Сяргееня: ) “Я напiшу адказ, што я ня супраць гэтага i хацеў бы выйсьцi. Але я буду прасiць, каб яны дазволiлi мне рабiць эвангелiзацыю сярод гэтых людзей, дазволiлi сьпяваць песьнi, рабiць выклiкi альбо заклiкi да пакаяньня i раздаваць лiтаратуру. Я напiшу гэта, а што будзе — невядома”.