Інвалід другой групы Анатоль Гарусаў зь вёскі Стралічава Хойніцкага раёну працяглы час лячыўся ў шпіталі. Калі ж ён прыехаў назад у вёску і даклыпаў з кульбакаю да сваёй сядзібы пры канцы вуліцы Савецкай, то літаральна здранцьвеў: ад хаты засталіся адны руіны.
Распавядае жыхарка Стралічава Кацярына Дрончанка:
(Дрончанка: ) “Пакуль ён быў у шпіталі, то сарвалі спачатку ў хаце падлогу, а тады і вокны павыбівалі. Павыбівалі вокны, і прыехалі, пэўна ж, мэханізатары ці хто, і разбурылі дом. Пабачылі, што вокан, падлогі няма і, відаць, падумалі, што дом нежылы. Ніхто ж ня ведае, ці яго здалі, адсяляючыся, ці не. Вось яго хтосьці сабе на паліва і разабраў. На дровы разабралі!”
Пасьля Чарнобылю многія жыхары пакінулі вёску. А тыя, што засталіся ці прыехалі сюды жыць з розных куткоў былога Саюзу, сталі разьбіраць кінутыя хаты на дровы. Гэтым займаецца і саўгас.
(Дрончанка: ) “І саўгас на фэрму падаграваць воду возіць, і людзі разьбіраюць. Грошай жа няма паліва купіць”.
Старшыня сельскага савету Мікалай Кузьменка імкнецца не заўважаць самаўпраўства аднавяскоўцаў. У прыватнасьці, ён заявіў, што савет ня мае ніякага дачыненьня да прыватнага домаўладаньня. Інвалід Гарусаў падаў заяву, і міліцыя зараз шукае, хто усё-такі разабраў ягоны дом.
Сам Анатоль Гарусаў кватэруе зараз у дачкі ў Хойніках і патрабуе ад райвыканкаму даць яму хоць якое жытло. Ён, дарэчы, як і іншыя 92 сям’і са Старалічава, якія перажылі тут Чарнобыльскую катастрофу, мае права на бясплатнае жытло ў чыстай зоне. Аднак улады, нягледзячы на тое, што пасьля катастрофы мінула 17 гадоў, усё яшчэ ня могуць перасяліць пацярпелых вяскоўцаў ў бясьпечнае жытло.