Працоўны калектыў “Белшыны” набыў толькі 40 тысяч акцыяў, што складае пяць сотых аднога адсотку ад агульнай колькасьці. Нягледзячы на льготны продаж, калі адна акцыя каштуе 2640 рублёў, рабочыя набывалі па 2–5, максымум 10 акцыяў.
(Спадар: ) “Я выпісаў так, каб у мяне было некалькі, а не адна акцыя. Цэлых дзьве штукі. І ў асноўным усе ў адпаведнасьці з такім прынцыпам выпісвалі. Ніхто ў іх ня верыць. І ўсе ставяцца да гэтага як да “абавязалаўкі”, каб нас моцна не напружвалі — чыркнулі, ды і ўсё. Чыстая адпіска!”
Рабочы заводу звышбуйнагабарытных шынаў электраманцёр Аляксандар Федаровіч з-за прастоеў апошнім часам атрымліваў на месяц у сярэднім 100 тысяч рублёў.
(Федаровіч: ) “Акцыю спрабавалі навязаць за 2600 рублёў. Пры маім заробку, я лічу, гэта вельмі шмат!”
Старшыня арганізацыі незалежных прафсаюзаў на “Белшыне” Алена Захожая падазрае, што многія работнікі набылі акцыі зь нейкіх дабрачынных памкненьняў.
(Захожая: ) “Некаторыя разглядаюць гэта як дапамогу роднаму прадпрыемству. Паколькі мы самі бедныя, дык і дапамагчы яму трохі можам. Проста бескарысьлівая і бязвыплатная дапамога роднаму прадпрыемству”.
Работнікі “Белшыны” распавядаюць, што на прадпрыемстве не хапае сродкаў і сыравіны, аднак і прадукцыя часта не знаходзіць попыту.
(Спадар: ) “Таму што нашая шына неканкурэнтаздольная, яна дарагая, яна нікому не патрэбная. І калі ня будзе інвэстыцыяў, то завод проста заглохне”.
Рабочыя лічаць, што “Белшыне” патрэбны замежны інвэстар, сапраўдны гаспадар. Аднак разам з тым яны і ня вераць, што інвэстар знойдзецца і, што самае галоўнае, яму дазволяць прыйсьці на прадпрыемства.
(Спадар: ) “Я ўпэўнены, што ня знойдзецца, таму што самы вялікі гаспадар гэтага не жадае. Я мяркую, што кожны ведае, хто гэта — самы вялікі гаспадар. Ён хоча быць самым галоўным, і каб гэтае прадпрыемства не належала іншым. Калі б мы трапілі да гаспадара, да Амэрыкі, “Мішлен” альбо “Гудыер”, я ўпэўнены, што і інвэстыцыі былі б, і мы б працавалі дзень у дзень. І галоўнае, што мы б дастойна зараблялі”.
Пакуль жа, паводле інфармацыі незалежнага прафсаюзу, загад Аляксандра Лукашэнкі суб’ектам гаспадараньня скараціць сабекошт прадукцыі на 20% на “Белшыне” маюць намер у асноўным выконваць за кошт работнікаў. Рабочых чакае памяншэньне заробкаў, падвышэньне вытворчых нормаў і скарачэньні.